У Віцебску, Полацку, Воршы і Наваполацку сёлета некаторыя прыпынкі абсталююць электроннымі табло, паведаміў падчас пасяджэння Віцебскага аблвыканкама намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Шматаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Сяргея Шматава, устаноўка электронных табло - важны складнік у стварэнні новай аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарскага кіравання гарадскім і прыгарадным транспартам Віцебскай вобласці. Яна пабудавана на спадарожнікавай сістэме навігацыі. "Усе аўтобусы і маршрутныя таксі Віцебскай вобласці, якія выконваюць рэгулярныя перавозкі, аснашчаны навігацыйнымі тэрміналамі. Гэта дазваляе ў рэжыме рэальнага часу адсачыць, дзе знаходзяцца транспартныя сродкі, ці выконваецца расклад. Для фарміравання дыспетчарскай службы закуплена абсталяванне і праграмнае забеспячэнне", - сказаў намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве.
З сакавіка 2019 года ў Віцебску на прыпынку "Плошча Леніна" працуе ў тэставым рэжыме табло з інфармацыяй аб прыбыцці маршрутных таксі і тралейбусаў. "У ліпені гэтага года плануецца іх устанавіць у Воршы на прыпынку "Гандлёвы цэнтр" і ў Віцебску - на прыпынку "Бібліятэка Леніна" ў абодвух напрамках і "Плошча Свабоды" ў бок вул. Фрунзе. Да канца года яшчэ шэсць такіх прылад з'явяцца ў Віцебску, тры ў Полацку і Наваполацку і адна ў Воршы", - дадаў Сяргей Шматаў.
Генеральны дырэктар ААТ "Віцебскаблаўтатранс" Сяргей Старавойтаў распавёў, што прадпрыемства плануе набыць два сачлененыя тралейбусы на аўтаномным ходзе. Таксама на вуліцах Віцебска з часам можа з'явіцца сучасны трамвай "Мяцеліца" ад кампаніі "Штадлер".
Падчас пасяджэння старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу кіраўніцтва "Віцебскаблаўтатранса" на важнасці зніжэння выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю паслуг, паляпшэння якасці перавозак і паступовага абнаўлення аўтапарка прадпрыемстваў.
У Віцебскай вобласці дзейнічае 1852 суб'екты гаспадарання, у якіх ёсць ліцэнзіі для пасажырскіх перавозак.