У веснава-летні перыяд штогод узрастае колькасць пацярпелых на чыгунцы:

- Летась на шляхах пацярпела звыш 90 грамадзян, траціна з іх — пенсіянеры. Практычна палова знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення. З пачатку гэтага года на чыгунцы траўмаваны 14 чалавек, з якіх дзевяць загінулі, а яшчэ пяцёра атрымалі сур'ёзныя траўмы, — расказаў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзялення грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту ўпраўлення грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту МУС Віталь Якубоўскі.

Цяпер міліцыя прыняла дадатковыя меры па прафілактыцы невытворчага траўматызму. Таксама вядзецца праца па карэкціроўцы правілаў знаходжання грамадзян на аб'ектах-крыніцах павышанай небяспекі. Разам з БЧД адпрацоўваюць станцыі, прыпыначныя пункты і пераходы, дзе рэгістраваліся няшчасныя выпадкі і экстранныя тармажэнні лакаматываў.

Не забываюць і пра працу з насельніцтвам: праз мэсэнджары і сацсеткі асабліва.

- Летась рэалізавалі праграму «Эфектыўная прапаганда бяспекі дарожнага руху» з мэтай стварэння і развіцця сацсетак для прапаганды паслухмяных паводзін і забеспячэння бяспекі дарожнага руху, — расказвае старшы інспектар па асаблівых даручэннях галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандр Бруй.

Кожную апошнюю пятніцу месяца супрацоўнікі ДАІ праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі аўтатранспартных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі. Вялікая ўвага — прафілактыцы дзіцячай гібелі ў ДТЗ.

- Па выніках двух месяцаў гэтага года зафіксавана 389 ДТЗ, у якіх загінулі 63 чалавекі і 393 атрымалі траўмы, — дадаў Аляксандр Бруй.

Працягваецца праца па навучанні дзяцей правілам дарожнага руху, фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах. Тут жа выкарыстанне дашкольнікамі жылетаў павышанай бачнасці і прапаганда флікераў.