Тэма нумар адзін – вясновая сяўба. Аб мерах па падрыхтоўцы сельгасарганізацый Віцебшчыны да правядзення палявых работ ідзе размова на выязным адкрытым пасяджэнні аблвыканкама ў Дубровне. У яго рабоце прымае ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў. Пленарную частку адкрыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

- Вясновая пасяўная кампанія з'яўляецца найважнейшым этапам для сельскагаспадарчага года, ад якой у значнай ступені залежыць лёс будучага ўраджаю, - падкрэсліў кіраўнік аблвыканкама. - Па выніках работы за 2024 год тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў раслінаводстве склаў 112,4 працэнта да ўзроўню 2023 года.

Задача на 2025 год – забяспечыць аб'ёмы вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці да ўзроўню папярэдняга года 107,0 працэнта, у тым ліку раслінаводчай прадукцыі – не менш за 115,6 працэнта.

Аб тым, што ўжо зроблена і якія пытанні трэба аператыўна дапрацаваць, расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Андрэй Булаўкін. Таксама на пасяджэнні абмяркуюць тэму рэфармавання сельхозарганізацый вобласці. Удзельнікі пасяджэння наведаюць машынны двор ААТ "Дубровенскі райаграсэрвіс". Тут яны азнаёмяцца з арганізацыяй рамонту сельгастэхнікі, работай створаных міжраённых механізаваных атрадаў. У ААТ "Якубова-Агра" паглядзяць, як арганізаваны падкормка азімых збожжавых культур, рамонт тэхнікі і выкарчоўка садоў нізкага банітэту.

vitebsk-region.gov.by