27 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Надыходзячыя маразы абяцаюць глубокскім сейбітам добры ўраджай лёду, які яны збіраюцца зноў нарыхтоўваць для ахаладжэння малака, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Глыбоцкага райвыканкама.
У мінулым годзе глыбачане ўпершыню апрабавалі дзядоўскі спосаб і пераканаліся ў яго эфектыўнасці і эканамічнасці. Падчас пашавай стойлавай сістэмы даенне адбываецца з дапамогай перасоўных установак і доўжыцца каля двух з паловай гадзін. За гэты час у спёку малако падкісае, губляюцца яго смакавыя якасці, і гаспадаркі нясуць страты. Не ўсе сельгаспрадпрыемствы могуць дазволіць сабе набыць мабільныя халадзільныя ўстаноўкі, а вось нарыхтаваць лёду ўпрок, каб выкарыстоўваць яго для ахаладжэння, пад сілу і па сродках. Так, калі ў маі 2010 года, з моманту кругласутачнага выпасу ў полі, гаспадаркам было вернута 40 т малака з-за таго, што яно пракісла, а кожны дзясяты кілаграм ацэньваўся другім сортам, то ў маі мінулага года, калі для ахаладжэння надоенага малака ўжываўся лёд, гэтыя паказчыкі зменшыліся ў пяць разоў. Акрамя таго, у цэлым па раёне ўдалося зэканоміць каля 40 тыс. кВт электраэнергіі ў месяц.
Цяпер у гаспадарках з надзеяй чакаюць маразоў, каб лёд на вадаёмах "падрастаў", а вось ад практыкі замарожвання вады ў поліэтыленавых мяшках вырашылі адмовіцца - гэты лёд хутчэй тае. Масавую нарыхтоўку ледзяных глыб плануюць пачаць у канцы лютага. Захоўваць запасы будуць у буртах, пад пластом апілак, кастры, саломы і поліэтылену.-0-
БЕЛТА
У Глыбоцкім раёне зноў будуць нарыхтоўваць лёд
27.1.20120 праглядаў