У індывідуальных спаборніцтвах адкрытага чэмпіянату "Лесаруб-2011" лідзіруюць 3 беларускія ўдзельнікі
9.9.20110 праглядаў
9 верасня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Лідарамі ў індывідуальных спаборніцтвах вальшчыкаў лесу XVII адкрытага рэспубліканскага чэмпіянату "Лесаруб-2011" сталі тры беларускія ўдзельнікі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў, галоўны спецыяліст Мінлясгаса Беларусі Мікалай Патоцкі.
Спаборніцтвы праходзяць на базе Лагойскага лясгаса. У іх прымаюць удзел вальшчыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Венгрыі і Фінляндыі. Беларусь прадстаўляюць 50 чалавек.
Сёння пераможцам у індывідуальных спаборніцтвах стаў работнік Глубокскага доследнага лясгаса Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага абласнога аб'яднання (ВДВЛГА) Аляксандр Смехоўскі, які набраў 659 ачкоў з максімальна магчымых 660. Ён зваліў дрэва за 1 см ад устаноўленай вешкі. На другім месцы па колькасці ачкоў (658) - Валерый Баран з гэтага ж лясгаса, які зваліў дрэва за 2 см ад устаноўленай вешкі. Трэці вынік (655 ачкоў) у Паўла Бегунова з Полацкага лясгаса Віцебскага ВДВЛГА. Кожнаму з іх удалося за максімальна кароткі час зваліць бензапілой дрэва пад пэўным вуглом так, каб не быў парушаны ствол і крона суседніх дрэў. Мікалай Патоцкі адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх вальшчыкаў лесу.
Ацэньваючы ў цэлым вынікі першага дня спаборніцтваў, ён адзначыў, што добрыя вынікі паказалі вельмі многія ўдзельнікі. "Розніца па ачках ідзе ў сотыя долі, вельмі шчыльныя вынікі, прэтэндэнтаў на перамогу па агульнай суме ачкоў будзе шмат", - рэзюмаваў Мікалай Патоцкі. Да прыкладу, роўную колькасць ачкоў (па 653) набралі прадстаўнік Эстоніі Таві Эрбай і венгр Андрас Козак. Лідар фінскай каманды Юка Перамакі зарабіў 649 ачкоў, а экс-чэмпіён сусветнага чэмпіянату лесарубаў, уладальнік "залатой каскі" лесаруба прадстаўнік расійскай каманды Ілья Швецоў - 612 ачкоў.
Па папярэдніх выніках сённяшняга дня спаборніцтваў, першае агульнакаманднае месца заняла каманда Віцебскага ВДВЛГА, на другім месцы - другая каманда Брэсцкага ВДВЛГА (рэгіёны мелі права выстаўляць па дзве каманды), на трэцім месцы - другая каманда Мінскага ВДВЛГА. З гасцей адзначыліся зборныя Венгрыі і Эстоніі, якія адпаведна занялі пятае і шостае месцы ў агульнакамандным заліку па валцы лесу.
Стэндавыя спаборніцтвы пройдуць заўтра, 10 верасня, у АСК "Раўбічы". Вальшчыкі лесу будуць спаборнічаць у майстэрстве па дакладнай раскряжоўцы, абрэзцы сучкоў, раскряжоўцы камбінаваным рэзам і дакладным пілаванні, умантаванні на хуткасць (зборцы, разборцы) бензапілы. Акрамя таго, пройдзе эстафета, дзе на хуткасць выконваецца ўвесь ланцужок практыкаванняў. Будуць арганізаваны спаборніцтвы машыністаў форвардараў.
Акрамя асноўных мерапрыемстваў арганізатары падрыхтавалі забаўляльныя конкурсы для каманд і гледачоў. Будзе працаваць выстава-кірмаш тавараў народнага спажывання лясгасаў Беларусі.
Як падкрэсліў Мікалай Патоцкі, на спаборніцтвах вальшчыкаў лесу не толькі адточваецца прафесійнае майстэрства, але і вывучаецца вопыт лепшых лесасекаў з іншых краін. Спаборніцтвы - своеасаблівая атэстацыя навыкаў валкі лесу па міжнародных правілах. Для ўдзельнікаў нацыянальнай зборнай Беларусі (яна ўжо сфарміравана) - гэта сур'ёзная трэніроўка, свайго роду генеральная рэпетыцыя перад сусветным чэмпіянатам вальшчыкаў лесу, які пройдзе ў 2012 годзе ў Беларусі. Сусветныя чэмпіянаты вальшчыкаў лесу праходзяць адзін раз у два гады. Рэспубліканскі чэмпіянат праводзіцца штогод. Беларускія лесасекі з кожным годам паказваюць усё лепшыя вынікі. З'яўляюцца новыя тэхналогіі, машыны і інструменты, якія дазваляюць ажыццяўляць лесанарыхтоўкі на якасна новым узроўні. Аднак якой бы механізаванай нарыхтоўка драўніны ні была, без вальшчыкаў лесу не абысціся. Ад таго, як лесасек правядзе дакладную раскряжоўку дрэва, залежыць якасць гатовай прадукцыі. Першачарговую ўвагу ў правілах спаборніцтваў надаецца аспектам аховы працы. Часам заваяваныя цаной неверагоднага напружання за кошт хуткасці і дакладнасці ачкі губляюцца з-за занядбання мер бяспекі.
Чэмпіянат лесасекаў спрыяе прафарыентацыі моладзі. Менавіта таму ў апошнія гады спаборніцтвы праводзяцца на гарадскіх стадыёнах. Па выніках чэмпіянату Беларусі "Лесасек-2011" будуць вызначаны новыя кандыдаты ў нацыянальную зборную краіны для ўдзелу ў чэмпіянаце свету.-0-
БЕЛТА