11 мая, Мінск / Людміла Сац - БЕЛТА /. У кожным раёне Беларусі праз 3-4 гады будзе пабудавана станцыя на мясцовых відах паліва (МВП). Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на адкрыцці Беларускага прамысловага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў 2010 годзе Беларусь у энергабалансе павінна выйсці на долю мясцовых відаў паліва на ўзроўні 25%. У цяперашні час гэты паказчык складае 21%. Плануецца, што праз два гады доля МВП узрасце да 30%, а ў перспектыве Беларусь мае намер замясціць большую частку імпартуемых традыцыйных крыніц энергіі сваімі.
Па словах прэм'ер-міністра, у Беларусі ўжо пабудавана каля дзясятка міні-ЦЭЦ, якія працуюць на мясцовых відах паліва (Вілейская, Бабруйская, Асіповіцкая і іншыя). Пры гэтым найбольш эфектыўны для Беларусі праект рэалізаваны на Пружанскай міні-ЦЭЦ, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2009 годзе. "У перспектыве такія станцыі будуць у кожным раёне краіны. Мы паставілі перад сабой амбіцыйную задачу - выйсці на будаўніцтва такіх станцый на мясцовых крыніцах у сярэдніх і малых гарадах краіны. Гэту задачу мы вырашым у бліжэйшыя тры-чатыры гады", - падкрэсліў кіраўнік урада, дадаўшы, што гэта дазволіць павысіць энергабяспеку краіны, эфектыўнасць выкарыстання энергурэсурсаў.
Гэтыя пытанні будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі на выставе "БелПрамЭнерго", якая праходзіць у рамках форуму. На ёй сваю прадукцыю прадстаўляюць больш за 200 кампаній з Беларусі, Аўстрыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі.
"Падчас форуму адбудзецца шэраг мерапрыемстваў і галоўнае з іх - выстава новых дасягненняў, перадавых тэхналогій, якія будуць пераважаць у XXI стагоддзі. Важна, што тут прадстаўлена абсталяванне, у якім сёння мае патрэбу наша эканоміка, эканоміка тых дзяржаў, якія з'яўляюцца лідарамі ў асобных сегментах", - сказаў Сяргей Сідорскі. -0-
БЕЛТА
У кожным раёне Беларусі праз 3-4 гады будзе пабудавана станцыя на мясцовых відах паліва - С.Сідорскі
11.5.20100 праглядаў