На званне лепшага выканаўцы прэтэндавалі 6 салістаў-вакалістаў і 3 вакальныя ансамблі.
На званне лепшага выканаўцы прэтэндавалі 6 салістаў-вакалістаў і 3 вакальныя ансамблі.
Творчае спаборніцтва маладых
выканаўцаў -- конкурс патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў-2023» з
кожным годам становіцца больш папулярным у моладзевым асяроддзі.
Для ўдзелу запрашаліся выканаўцы ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў у катэгорыі
саліст або ансамбль, якія павінны былі падрыхтаваць 2 кампазіцыі, створаныя ў
перыяд з 1970 года да 2000 года.
Першая песня – “Песні душы маёй” прысвечана роднай Беларусі, родным мясцінам і людзям, пра любоў і мары, другая – гэта савецкі, беларускі або замежны хіт. Агульны хранаметраж песень не павінен перавышаць 8 хвілін.
Арганізатары творчага конкурсу лічаць асноўнай мэтай дадзенага мерапрыемства падтрымку таленавітых маладых выканаўцаў, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства, патрыятычнага і эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах песеннага жанру мінулых гадоў.
Сёлета ўдзельнічалі ў конкурсе як новыя маладыя галасы, так і ўжо дасведчаныя выканаўцы. Такім чынам, на галоўнай сцэне раёна сабралася таленавітая, я б сказала, «залатая» моладзь Лепельшчыны.
Першым выступаць заўсёды вельмі хвалююча. Гэтая місія выпала Вользе Вараб'ёвай, якая прадстаўляла Бароўскую сярэднюю школу імя Г. К. Жукава Лепельскага раёна. Яна і задала тон мерапрыемству, выканаўшы песню «Малітва за Беларусь» на словы Янкі Купалы. Пасля таго, як музыка сціхла, па апладысментах у зале можна было зразумець, што барацьба чакаецца сярод удзельнікаў сур'ёзная, падрыхтаваліся ўсе грунтоўна і прыкладуць магчыма большыя намаганні, каб перамагчы.
Чыстым голасам і прыгожым
тэмбрам скарыла журы Дар'я Чумак з аграрна-тэхнічнага каледжа, выканаўшы ўсім
вядомую кампазіцыю «Як табе служыцца».
Не менш актыўна сустракалі гледачы і наступнага выканаўцу з гэтай жа
установы адукацыі – Максіма Васілёнка. «Крыша дома твоего» -- песню
падпявалі ў зале і школьнікі, і дарослыя, якія яе чулі яшчэ ў дзяцінстве.
Душэўным выкананнем знайшла шлях да сэрца гледачоў і суддзяў Марыя Ермалаева з гімназіі ім. І. М. Ерашова горада Лепеля з песняй «Огромное небо».
Алег Назараў з 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая дыслацыруецца ў вёсцы Заслонава, не пакінуў нікога абыякавым, праспяваўшы ўсім знаёмыя словы
папулярнага шлягера «Песня застаецца з чалавекам», напісанага ў 1960-х гадах кампазітарам Аркадзем Астроўскім і паэтам Львом Ошаніным. У свой час кампазіцыя хутка палюбілася слухачам і стала гімнам савецкай эстрады і застаўкай тэлевізійнага музычнага конкурсу «Песня года».Крысціна Дарахова, якая прадстаўляла Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў, паразіла ўсіх прафесійным выкананнем «Журавы на Палессе ляцяць» і закранула тонкія струны душы гледача. І гэта не дзіўна, бо яна ўжо не пачатковец у падобных конкурсах.
Тое ж самае можна сказаць і пра дуэт Вольгі Дзмітрыенка і Аляксандры Мышко, прадстаўнікоў філіяла «Заслонаўская ДШМ». Шчырасць, з якой дзяўчаты выканалі свой нумар «Песня аб роднай зямлі», не пакінула абыякавымі прысутных у зале.
Яркім аказалася і выступленне трыа Алены Валевіч, Ксеніі Ельчынай і Кацярыны Юсупавай, выкладчыкаў сярэдняй школы №1 горада Лепеля. Разам з імі песню «Хата бацькоў» падпяваў увесь зал.
«Там, дзе клён шуміць» — такая кампазіцыя была ў вакальна-інструментальнай групы «Гвардыя» з 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая дыслацыруецца ў вёсцы Заслонава. Прыемна было назіраць, як маладое пакаленне па другі бок сцэны спела разам з артыстамі. Калі пацікавілася, адкуль ведаюць словы, адказалі, што вывучылі падчас прагляду серыяла «Сваты».
На працягу ўсяго першага этапу ў зале гучалі акорды вядомых кампазіцый, і госці, не стрымліваючы сваіх эмоцый, падпявалі артыстам, а затым гучна апладзіравалі.
Пра песні другога этапу можна сказаць, што яны пазачасавыя. Гэта шлягеры розных перыядаў, якія адлюстроўваюць важныя з'явы і падзеі ў жыцці чалавека.
«Новы герой», «Куды сыходзіць дзяцінства», «Яблыкі на снезе», «Усё пройдзе», «Рамантыкі» — гэтыя і іншыя шлягеры былі выкананы конкурсантамі ў наступным аддзяленні. Трэба сказаць, што ў цяперашні час сучасная моладзь усё часцей вяртаецца да хітоў мінулых гадоў. Праўда, у сучаснай аранжыроўцы яны атрымліваюць новае гучанне, але сэнс у іх застаецца той жа — глыбокі.
Конкурсныя нумары ацэньвала кампетэнтнае журы на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аленай Барадзейка па такіх крытэрыях, як адпаведнасць праграмы ўзросту выканаўцы, тэматыцы конкурсу, узровень выканальніцкага майстэрства і падрыхтоўкі, вакальныя дадзеныя, артыстычнасць, сцэнічная культура.
Праслухаўшы ўсіх, суддзям было
вельмі складана вызначыць найлепшага, бо ўсе выступленні былі яскравымі, незабыўнымі і кранальнымі.
Перш чым узнагародзіць пераможцаў, Алена Іванаўна падзякавала лепельчан за старанне, шчырае выкананне і актыўны ўдзел. Яна падкрэсліла, што конкурс стаў яскравай падзеяй, якая прайшла пад эгідай Года міру і стваральнай працы. Акрамя таго, такія мерапрыемствы паказваюць, наколькі моладзь беражліва ставіцца да гісторыі, культуры і творчых традыцый свайго народа.
Старшыня журы адзначыла, што узровень фестывалю з кожным годам становіцца вышэй. Прыемна і тое, што праводзіцца вялікая праца з таленавітай моладдзю. Пра гэта сведчаць сённяшнія нумары. Галоўная мэта, якую ставіць перад сабой конкурс, — заахвочваць і папулярызаваць таленты, — дасягнута.
У выніку Гран-пры сярод салістаў-вакалістаў атрымала Крысціна Дарахова, 1 месца — Алег Назараў, на 2-й прыступцы п'едэстала апынулася Дар'я Чумак і на 3-й -- Максім Васілёнак.
Сярод вакальных ансамбляў журы першае месца прысудзіла двум калектывам -- дуэту Аляксандры Мышко і Вольгі Дзмітрыенка і вакальна-інструментальнай групе "Гвардыя". Усе прызёры атрымалі падарункі ад арганізатара конкурсу -- аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Як сказалі фіналісты, выбар кампазіцый у кожнага быў не выпадковым, бо менавіта ў іх яны змаглі раскрыць свае вакальныя даныя, падмацаваўшы іх яркай харызмай.
Напрыканцы хочацца падзякаваць арганізатараў конкурсу -- аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, работнікаў раённага Дома культуры за падрыхтоўку мерапрыемства і ўсіх удзельнікаў за падараваны настрой і зарад пазітыўных эмоцый на доўгі час.
Наталля Храпавіцкая.
https://lepel-kraj.by/novosti/god-mira-i-sozidaniya/opredeleny-pobediteli-konkursa-pesni-yunosti-nashih-otcov-02-02-2023