Такой цікавай навіной падзяліўся сектар спорту і турызму райвыканкама. Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву Лепельскага раёна ўжо абвясціла набор у спартыўны клас на 2025/2026 навучальны год.
У нашым раёне такі клас будзе працаваць на базе сярэдняй школы № 1 г. Лепеля, спецыялізацыя – гандбол. Да залічэння прымаюцца навучэнцы, якія ў наступным навучальным годзе пяройдуць у 4-ы клас. Набіраюць і хлопчыкаў, і дзяўчынак.Сутнасць гэтага праекта – зрабіць расклад, графік і рэжым дня для дзіцяці настолькі аптымальнымі, каб у яго спалучаліся заняткі спортам і навучальны працэс. І каб гэта дапаўняла, а не перашкаджала адно аднаму: ні спорт вучобе, ні вучоба спорту. Усё збалансавана.
Прынцып працы спорткласа заключаецца ў тым, што дзеці праходзяць агульнаадукацыйную праграму. Па колькасці гадзін нічога не скарачаецца. Яны не губляюць ні ў рускай мове, ні ў матэматыцы, ні ў іншых прадметах. Адзіная розніца – у іх няма фізкультуры ў агульным яе разуменні. Замест гэтага яны наведваюць трэніроўкі, якіх больш чым дастаткова. Акрамя таго дзецям будзе прадастаўлена магчымасць бясплатна абедаць і наведваць спартыўныя аб'екты. Таксама рабяты будуць забяспечаны спартыўнай формай, – расказаў трэнер Сяргей Буйніцкі.
Падрабязней даведацца аб рабоце спартыўнага класа можна будзе падчас бацькоўскага сходу, які адбудзецца 31 студзеня ў 17.30 у будынку спорткомплекса.