З чаго пачынаецца сям'я? Думаю, з любові, павагі, агульных поглядаў, дружбы, даверу, і, вядома, з далікатнага лепята першынца.

З чаго пачынаецца сям'я? Думаю, з любові, павагі, агульных поглядаў, дружбы, даверу, і, вядома, з далікатнага лепята першынца. Ролю сям'і ў жыцці кожнага чалавека складана апісаць словамі – яна пацвярджаецца справай. У гэтым лепяльчане змаглі пераканацца, узяўшы ўдзел у рэспубліканскай акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага Дня сям'і «Мая сям'я – мая краіна».

10 шматдзетных сем'яў Лепельскага раёна праявілі сваю згуртаванасць той самай справай, пасадзіўшы саджанцы маладых дрэў каля Храма Раства Хрыстова г. Лепеля. Па правую руку ад храма з'явілася алея сямейных дрэў-туй, а па левую – алея сямейных яблынь. Дрэвы, як сімвал вечнасці і сілы, сталі пацвярджэннем неацэннага багацця пад назвай «Сям'Я».

Галоўным ініцыятарам акцыі на Лепельшчыне стала раённае аб'яднанне прафсаюзаў на чале з Юрыем Мілым. Ідэю падтрымалі прадстаўнікі мясцовай улады, Лепельскае благачынне, члены грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый. На прапанову пакінуць свой след у гісторыі горада з радасцю адгукнуліся і многія шматдзетныя сем'і раёна. Да прыкладу, сем'і Пшонка, Шышковых, Палтарак, Доўгіх, Арловых, Клавовіч і іншых.

Правядзенне акцыі стала не проста мерапрыемствам, а светлым святам, якое сабрала нямала ганаровых гасцей. Сярод іх – Пётр Гнуценка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей, а таксама Сяргей Догель, старшыня Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў.

Такі размах Міжнародны Дзень сям'і сёлета ў Лепелі набыў, мабыць, упершыню. І хоць само мерапрыемства не заняло і гадзіны, цёплымі і душэўнымі эмоцыямі лепяльчане і госці горада зарадзіліся надоўга. Дзіцячы смех і ўсмешкі, светлыя думкі і добрыя словы, шчаслівыя погляды дарослых, падарункі – так адзначылі свята лепяльчане. Любіце адзін аднаго і беражыце свае сем'і.​