7 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Лепельскім раёне п'яная маці падпаліла кватэру з-за таго, што ў яе забралі дзіця, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Паведамленне аб пажары ў кватэры аднаго з дамоў у вёсцы Старое Лядна Лепельскага раёна паступіла ўвечары 5 мая ад суседзяў. Калі работнікі МНС прыбылі да месца выкліку, то выявілі моцнае задымленне ў чатырохпакаёвай кватэры, размешчанай на першым паверсе. У кватэры знаходзілася п'яная 34-гадовая гаспадыня. Жанчына была выратавана. На пажары яна не пацярпела. Як высветлілася, жанчына сама апынулася вінаватай здарэння. Напярэдадні яна з мужам распівала спіртныя напоі, справа дайшла да сваркі. Калі муж сышоў, раз'ятраная жанчына выклікала міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі, у кватэры разам з п'янай маці ўбачылі 12-гадовага хлопчыка. Дзіця не пакінулі ў небяспецы, і на працягу кароткага часу камісіяй па справах непаўналетніх было прынята рашэнне накіраваць яго ў Лепельскі прытулак. Такое развіццё справы яшчэ больш раззлавала п'яную маці, і яна стала пагражаць, што ўсё падпаліць. Пагрозу яна прывяла ў выкананне. Жанчына не ў стане была кантраляваць свае паводзіны, і медыкі былі вымушаны накіраваць яе ў псіхіятрычную бальніцу. На жаль, хлопчык не хутка вернецца ў сям'ю. Нават калі яго маці вылечыцца ад цягі да алкаголю, нямала часу сыдзе на прывядзенне кватэры ў парадак пасля пажару.-0-

БЕЛТА