З 10 па 28 красавіка ў Лепельскім раёне пройдуць мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам!».
З 10 па 28 красавіка ў Лепельскім раёне пройдуць мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам!».
Мэта акцыі - зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца ў жылым сектары па прычыне невыканання правілаў пажарнай бяспекі, павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг у сферы забеспячэння пажарнай бяспекі, умацаванне правапарадку, папярэджанне правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі ў стане алкагольнага ап'янення.
У рамках акцыі ў Лепельскім раёне пройдуць прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе. У акцыі таксама прымуць удзел прадстаўнікі органаў унутраных спраў, ЖКГ, энергетычнай службы, аховы здароўя, сацыяльнай службы, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі. Акцэнт будзе зроблены на абследаванне супрацьпажарнага стану домаўладанняў грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне, правядзенне з імі інструктыўна-тлумачальнай работы па выкананні правілаў пажарнай бяспекі, а таксама інфармаванне насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг па забеспячэнні іх бяспекі. Памятайце, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах, якія належаць грамадзянам на праве прыватнай уласнасці, ускладзена на іх уласнікаў.
Запрашаем прыняць удзел у акцыі ўсіх жыхароў Лепельшчыны, каб зрабіць свой дом бяспечным. Звярніце ўвагу на спраўнасць ацяпляльнага абсталявання і электрычнай праводкі, праверце на працаздольнасць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, а ў выпадку іх адсутнасці – усталюйце ў жылых памяшканнях домаўладанняў. Акажыце дапамогу ў прывядзенні жылля ў пажарабяспечны стан сваім састарэлым сваякам і знаёмым.
Кожны жыхар раёна можа звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання жылля на адпаведнасць правілам пажарнай бяспекі і атрымаць рэкамендацыі ратавальнікаў.