Якім павінна быць лета? Формула ідэальнага лета простая і нехітрая: лета павінна быць сонечным, смачным, вясёлым, паветраным і самае галоўнае – БЯСПЕЧНЫМ.

Хто больш за ўсё падвяргаецца рызыцы трапляння ў НС у летні перыяд? Вядома, дзеці. Бо падчас канікул большую частку часу яны прадастаўлены самі сабе. Як вынік – значна ўзрастае рызыка ўзнікнення пажараў па прычыне дзіцячай сваволі з агнём, а таксама гібелі дзяцей на вадаёмах.

Каб летнія канікулы для дзяцей прайшлі без надзвычайных сітуацый і не былі зацемнены трагічнымі падзеямі, работнікі МНС правядуць рэспубліканскую інфармацыйна-прапагандысцкую акцыю «Бяспечныя канікулы!» і напоўняць вольны час рабят мноствам карысных мерапрыемстваў. Акцыя пройдзе з 1 чэрвеня па 31 жніўня ў аздараўленчых і прышкольных лагерах, ва ўстановах дашкольнай адукацыі, а таксама ў месцах з масавым знаходжаннем людзей.

Галоўная мэта ратавальнікаў – папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі па прычыне дзіцячай сваволі з агнём, а таксама гібель дзяцей на вадаёмах. Праз розныя гульнявыя формы рабяты атрымаюць веды па АБЖ, бо яны так неабходныя, асабліва ў летні перыяд.

МНС нагадвае: паважаныя бацькі, дзядулі і бабулі!

Ні ў якім разе не пакідайце малышоў без нагляду! Не дазваляйце дзецям гуляць з агнём, трымайце запалкі і запальніцы ў недаступных месцах, не падпускайце дзяцей да вокнаў і балконаў. Нагадвайце дзецям правілы бяспечных паводзін ля вады, сачыце, каб дзіця не купалася без нагляду. Памятайце, што небяспеку ўяўляюць не толькі вадаёмы, але і калодзежы, ванны, вёдры з вадой і дэкаратыўныя сажалкі. 

Захаванне жыцця і здароўя дзяцей – гэта агульная задача ўсіх дарослых!

Бяспечнага Вам лета!