Асаблівасць мерапрыемства ў тым, што выстаўцы ўжо больш за трыццаць гадоў. Пачаўшыся ў далёкім 1993 годзе, яна стала пляцоўкай для знаёмства з творчасцю не толькі прызнаных майстроў жывапісу, але і своеасаблівым стартам для ўжо некалькіх пакаленняў самадзейных мастакоў.

На выстаўцы прадстаўлена 51 карціна 16 лепельскіх мастакоў. А за ўвесь перыяд — больш за тысячу карцін.

«Фарбы Лепельшчыны» за свой салідны творчы шлях паспелі стаць месцам сустрэчы не толькі для мастакоў ці майстроў працы з глінай і дрэвам, але і лепельчан, якія цэняць прыгожае. Так і гэты дзень сабраў у выставачнай зале музея ўдзельнікаў выстаўкі і шматлікіх гасцей.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Вольга Аляксандравіч, якая пажадала ўсім мастакам творчага натхнення і поспехаў, а таксама адзначыла, што праз сузіранне прадстаўленых палотнаў у гледача з'явіцца магчымасць заўважаць прыгажосць у навакольным свеце.

Перад прысутнымі выступіла дырэктар музея Аліна Стэльмах, якая стаяла ля вытокаў гэтага праекта, а таксама ўдзельнікі — як вопытныя, так і маладыя.

Душэўнасці мерапрыемству надало выступленне ўзорнага дзіцячага хору «Акварэль» Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў.

Не выпусціце магчымасць наведаць выстаўку, якая будзе працаваць да 14 снежня па адрасе: г. Лепель, вул. Савецкая, 38.