Сёння ў Мінску пачынае працу ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі", паведамляе БЕЛТА.

На выставе будзе прадстаўлена больш за 50 экспанентаў. Шырока будуць паказаны друкаваныя і электронныя СМІ, а таксама сеткавыя выданні, якія пачалі рэгістравацца ў нашай краіне згодна з новаўвядзеннем у заканадаўства з 1 снежня 2018 года.

Як расказалі ў Міністэрстве інфармацыі, наведвальнікам форуму будзе прапанавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая складаецца з прэзентацый інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесій, майстар-класаў. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркуюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў межах дзелавой праграмы. Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія раскажуць аб удзеле ў сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў. Адбудзецца прэзентацыя спартыўных выданняў.

Вялікае месца ў праграме выставы адведзена праектам БЕЛТА, прэс-службам і камунікацыйным агенцтвам. У прыватнасці, Беларускае тэлеграфнае агенцтва прадставіць на форуме ўнікальныя кадры фотаархіва 1941-1944 гадоў, пазнаёміць з партызанскімі часопісамі і прапануе наведвальнікам пакаштаваць партызанскай кашы. Стэнд БЕЛТА таксама прэзентуе традыцыі суверэннай Беларусі, стане пляцоўкай для сустрэчы са спартсменамі і ўстанаўлення новага рэкорду.

На асобным стэндзе, падрыхтаваным з дапамогай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, будуць экспанавацца СМІ дыяспар. Будуць прадстаўлены краіны Балтыі, Украіна, Расія. Прыедзе таксама дэлегацыя з Узбекістана. Пасольства Кітая ў Беларусі пазнаёміць гасцей выставы з кітайскімі СМІ. Акрамя таго, у дзень адкрыцця выставы адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу за лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Беларусі і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

Сярод іншых асаблівасцей сёлетняга форуму - правядзенне 3 мая першага тэматычнага Дня піяра, а таксама шырокая прэзентацыя сеткавых СМІ, сярод якіх інтэрнэт-выданне Мediana.by, заснаванае сумесна з факультэтам журналістыкі БДУ, Міністэрствам інфармацыі і Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы.