Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не першы год абмяркоўвае пытанне аб павелічэнні памеру дапамог па беспрацоўі. У інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" кіраўнік ведамства Ірына Касцевіч расказала, якія катэгорыі грамадзян могуць разлічваць на гэта ў першую чаргу, паведамляе БЕЛТА.

"Цяпер мы рыхтуем праект закона аб унясенні змяненняў у закон аб занятасці. Выходзім з ініцыятывай павялічыць дапамогі, у прыватнасці беспрацоўным з тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Другая катэгорыя - гэта людзі ва ўзросце 50+, якім сапраўды складана канкурыраваць", - расказала Ірына Касцевіч. Яна дадала, што людзі старэйшыя за 50 гадоў у сярэднім шукаюць працу адзінаццаць месяцаў. Гэта дастаткова вялікі тэрмін, лічыць міністр, таму гэтых людзей трэба фінансава падтрымаць.

Сітуацыю на рынку працы ў краіне Ірына Касцевіч назвала дастаткова стабільнай. "Па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы ўзровень беспрацоўя складае 3,9%. Па міжнародных стандартах гэта дастаткова нізкі ўзровень. Калі казаць пра ўзровень занятасці, то ён расце і сярод асоб працаздольнага ўзросту складае амаль 84%", - удакладніла яна.

Расце і колькасць ствараемых працоўных месцаў. Лідзіруе тут сфера паслуг (у структуры новых працоўных месцаў на яе прыпадае каля 70% ад агульнай колькасці). Міністр канстатавала рост попыту на працоўную сілу. Дарэчы, Мінпрацы задачай на наступны год вызначыла больш працаваць з наймальнікамі, у якіх нямала вакансій. "Можа, гэта будуць нейкія пэўныя праграмы, пакеты па падборы кадраў канкрэтным прадпрыемствам для працаўладкавання", - заўважыла Ірына Касцевіч.

Не абышлі бокам у інтэрв'ю і тэму павелічэння пенсійнага ўзросту. У міністра спыталі, ці пралічваўся эканамічны эфект ад ужо адбытага павышэння. Ірына Касцевіч звярнула ўвагу, што павышэнне пенсійнага ўзросту на фоне старэння насельніцтва - гэта перш за ўсё магчымасць утрымаць колькасць людзей працаздольнага ўзросту. "Гэта стабілізацыя сітуацыі з самім фондам (не скарачэнне яго даходнай часткі) і, вядома ж, змякчэнне дэфіцыту працоўнай сілы на рынку працы", - растлумачыла міністр. Павышэнне пенсійнага ўзросту дазваляе штогод павышаць пенсіі. "Калі мы кажам пра 2019 год, то сярэдняя пенсія за лістапад (па ўзросце) склала Br446. Яна павялічылася ў параўнанні з мінулым годам больш чым на Br50. Калі казаць у працэнтах, то тэмп росту склаў больш за 113%", - адзначыла кіраўнік Мінпрацы.-0-