31 кастрычніка, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Міёрскі райвыканкам прапануе інвестару рэалізаваць праект па добраўпарадкаванні вадаспаду на рацэ Вята і стварэнні прывабнага месца адпачынку для мясцовых жыхароў і турыстаў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу турысцка-інфармацыйнага цэнтра Нацыянальнага агенцтва па турызме Уладзімір Янкавенка. Цяпер ужо распрацаваны базавы праект. Інвестару прапануецца ўкласці Br1,6 млрд. у добраўпарадкаванне вадаспаду і рамонт дарогі, якая вядзе да яго. Таксама трэба стварыць умовы для адпачынку, добраўпарадкаваць паркоўку для аўтамабіляў і аўтобусаў, стварыць невялікі пляж, абсталяваць месца для намётаў і вогнішчаў, усталяваць аб'екты размяшчэння і харчавання. Тэрмін акупінальнасці праекта складае пяць гадоў. У пачатку ХХ стагоддзя паблізу вадаспаду знаходзілася кардонная фабрыка, сыравінай для якой служыла мясцовая асіна. Дзякуючы вадаспаду ў раёне дзейнічала мясцовая электрастанцыя, якая забяспечвала электрычнасцю бліжэйшыя пункты і горад Міёры. Аднак у 60-я гады XX стагоддзя прыроднае асяроддзе пачало разбурацца. "І сёння вадаспад, дзе так любяць бываць не толькі жыхары раёна, але і яго госці, чакае тых, хто можа адрадзіць гісторыю, добраўпарадкаваць тэрыторыю вадаспаду і вярнуць першапачатковую прыгажосць гэтага зачаравальнага кутка прыроды", - падкрэсліў Уладзімір Янкавенка.-0-

БЕЛТА