У Міёрскім раёне па гранце ЕС на рэалізацыю праекта "Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці" добраўпарадкуюць гарадскі парк "Паўвостраў" і працягнуць экалагічную сцежку "Азяраўка-Ельня", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА каардынатары праекта.

Міёрскі райвыканкам у конкурсе Еўрапейскай камісіі выйграў грант на рэалізацыю праекта, адным з кампанентаў якога з'яўляецца падтрымка развіцця базавай інфраструктуры, сацыяльных і экалагічных аб'ектаў.

Праект уключае куплю машыны хуткай медыцынскай дапамогі для Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы, устаноўку навесаў над трыбунамі на гарадскім стадыёне, будаўніцтва дзвюх пляцовак для варкаўта і іншыя пераўтварэнні інфраструктуры. "Акрамя таго, плануецца правесці добраўпарадкаванне гарадскога парка "Паўвостраў" і раённых пляжаў, пабудаваць назіральныя вышкі, абсталяваць два кемпінгі. Таксама будзе працягнута існуючая экалагічная сцежка "Азяраўка-Ельня", - адзначылі каардынатары.

Цяпер працягласць сцежкі больш за 1,5 км. Пачынаецца яна на краі верхавога балота, праходзіць праз некалькі біятопаў і заканчваецца ля маляўнічых балотных азёр.

Акрамя таго, пры рэалізацыі праекта падтрымаюць грамадскія арганізацыі, аграэкасядзібы, прадстаўнікоў малога бізнесу і іншыя мясцовыя ініцыятывы. Сярод жадаючых правядуць конкурс на рэалізацыю 10 міні-праектаў - двух па 60 тыс. еўра і васьмі па 10 тыс.

Праект "Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці" на 90% будзе фінансавацца Еўрапейскім саюзам. Агульны бюджэт праекта складзе больш за 1 млн еўра. Партнёрамі мясцовага райвыканкама ў ім выступаюць грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскі сельскі форум.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)