7 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Міёрскім раёне пры выбуху бытавога газу ў прыватным будынку пацярпеў пенсіянер, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і навучання пры Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Слабада. Мясцовы жыхар атрымаў нязначныя апёкі кісцей абедзвюх рук (2%) і пасля аказання на месцы першай медыцынскай дапамогі адмовіўся ад шпіталізацыі. У выніку выбуху, які не суправаджаўся гарэнем, часткова пашкоджаны тры аконныя праёмы на кухні жылога дома.
Як устаноўлена, прычынай інцыдэнту стала парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прылад. Мужчына самастойна замяніў газавы балон, пры гэтым не пераканаўся ў закрыцці вентыля на ім, з-за чаго адбылася ўцечка газу. У гэты час у памяшканні тапілася печ, у выніку кантакту газу і адкрытага агню здарыўся выбух.
Супрацоўнікі МНС нагадваюць, што ўцечка газу з'яўляецца асноўнай прычынай узнікнення пажараў ад бытавых газавых прыбораў. Уцечка часцей за ўсё адбываецца з-за парушэння герметычнасці трубаправодаў, злучальных вузлоў і праз гарэлкі газавых пліт. Для папярэджання магчымых надзвычайных сітуацый і негатыўных наступстваў неабходна ўсе маніпуляцыі з газавым абсталяваннем праводзіць выключна з удзелам спецыялістаў газавай службы.-0-
БЕЛТА
У Міёрскім раёне пры выбуху бытавога газу пацярпеў пенсіянер
7.10.20110 праглядаў