2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У пачатковых класах усіх школ Віцебскай вобласці з 2 лютага прыпыняецца навучальны працэс, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. З-за моцнага марозу яшчэ напярэдадні рашэнне аб адмене заняткаў у пачатковых класах было прынята ў Пастаўскім, Расонскім і некаторых іншых раёнах. Разам з гэтым пазапланавыя канікулы з-за неспрыяльнага надвор'я пачаліся ў усіх школьнікаў Гарадоцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Полацкага, Шумілінскага раёнаў, вырашаецца пытанне аб прыпыненні навучальнага працэсу ў Шаркаўшчынскім, Сенненскім, Чашніцкім і іншых рэгіёнах вобласці. Падвоз вучняў да навучальнай установы і назад у сельскай мясцовасці ажыццяўляецца 170 школьнымі аўтобусамі. Транспарт працуе без збояў у графіку руху, дадаў Іван Шчурок. Ноч з 1 на 2 лютага выдалася ў Віцебскай вобласці рэкордна халоднай. Тэмпература паветра апускалася да мінус 28-30 градусаў. У бліжэйшыя дні марознае надвор'е захаваецца, па вобласці чакаецца днём 15-20 градусаў ніжэй за нуль, ноччу слупок тэрмометра будзе апускацца да мінус 23-28 градусаў, а пры праясненнях да 30-32 градусаў марозу. Пачатак наступнага тыдня будзе адзначаны аслабленнем марозу і ападкамі за кошт вынасу больш цёплага і вільготнага паветра з поўдня Еўропы, дадала вядучы інжынер-сіноптык Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Людміла Барадзёнак.-0-

БЕЛТА