31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У акцыі "Тыдзень лесу-2014", якая пройдзе ў Беларусі з 5 па 12 красавіка, возьмуць удзел больш за 50 тыс. чалавек, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі Ружэна Навіцкая.

"У памяць аб воінах-вызваліцелях Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнікамі будзе пасаджана 30 млн. дрэў. Новыя лясы на плошчы 5 тыс. га стануць своеасаблівым мірным пасланнем будучым пакаленням беларусаў", - адзначыла прэс-сакратар. Акрамя таго, добраахвотнікамі будзе створана некалькі дзясяткаў дэндрапаркаў, памятных алей і сквераў. У дні акцыі таксама будуць добраўпарадкаваны тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, месцы баявой і воінскай славы, прыведзены ў парадак пахаванні воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі адзначылі, што паступае мноства зваротаў ад працоўных калектываў, органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх і міжнародных арганізацый, школьнікаў, студэнтаў, ветэранскіх і моладзевых аб'яднанняў і проста грамадзян, якія заяўляюць аб сваім удзеле ў акцыі. Многія кіраўнікі органаў дзяржкіравання разам са сваімі калектывамі 5 і 12 красавіка будуць працаваць на пасадках лесу і добраўпарадкаванні ляснога фонду.

У якасці ўдзельнікаў акцыі ўжо зарэгістраваліся прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства юстыцыі, Следчага камітэта, Міністэрства падаткаў і збораў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства эканомікі, Міністэрства культуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і іншых органаў. Акцыю падтрымалі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, работнікі Выканкама СНД, эксперты міжнародных праектаў ПРААН, працоўныя калектывы буйных беларускіх прадпрыемстваў.

Ініцыятыву Міністэрства лясной гаспадаркі падтрымалі і лесагаспадарчыя арганізацыі: нацыянальныя паркі, Беразінскі біясферны запаведнік і іншыя. Акцыя таксама пройдзе ў лясах Акадэміі навук Беларусі - на эксперыментальных лясных базах. Не застаюцца ўбаку і ваенныя лясгасы Міністэрства абароны, а таксама Мінскае лесапаркавае гаспадарка.