30 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ў лістападзе будуць пералічаны памеры працоўных пенсій зыходзячы з росту сярэдняй зарплаты работнікаў, а таксама мінімальныя працоўныя пенсіі, павышэнні пенсій і надбаўкі да іх у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Пра гэта паведаміла на выязной прэс-канферэнцыі ў Гродзенскай вобласці намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Адной з асноўных задач сацыяльнай палітыкі дзяржавы з'яўляецца паляпшэнне матэрыяльнага становішча пажылых і непрацаздольных людзей - тых, хто не можа ўдзельнічаць у грамадскай вытворчасці, - сказала намеснік міністра. - Узровень пенсійных выплат у любой дзяржаве абумоўлены станам эканомікі. У нашай краіне ў цэлым рост пенсій супастаўны з ростам даходаў занятых у эканоміцы, а суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы перавышае 40%". На фінансаванне пенсійных выплат у рэспубліцы накіроўваецца каля 10% ВУП. Пенсіі выплачваюцца своечасова і ва ўстаноўленых памерах. Валянціна Каралёва адзначыла, што ў 2011 годзе рэалізуецца комплекс мер па падтрыманні ўзроўню даходаў пенсіянераў з улікам фінансавых магчымасцей Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Па рашэннях кіраўніка дзяржавы з 1 чэрвеня і 1 жніўня праведзены пералікі працоўных пенсій, заснаваныя на росце сярэдняй заработнай платы. Акрамя таго, з 1 лютага, 1 мая і 1 жніўня праведзены пералікі мінімальных працоўных пенсій, сацыяльных пенсій, а таксама надбавак і павышэнняў да пенсій у сувязі са змяненнем БПМ. Пры гэтым у жніўні павялічаны памеры сацыяльных пенсій адносна БПМ. Непрацуючым пенсіянерам двойчы аказана матэрыяльная дапамога: у ліпені і верасні. У верасні для сезоннай закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі выдзелена кожнаму непрацуючаму пенсіянеру па Br500 тыс. Сярэднямесячны памер пенсій па ўзросце ў верасні склаў Br795,2 тыс., мінімальны памер пенсіі па ўзросце - Br549,4 тыс., што амаль у 1,5 раза вышэй за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера. Па стане на 1 жніўня бягучага года ў Беларусі пражывалі больш за 2,5 млн. пенсіянераў, з іх 2 млн. 470 тыс. чалавек атрымлівалі пенсію ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.-0-

БЕЛТА