У Наваполацку сярэдняй школе №2 сёння будзе прысвоены статус школы міру, паведамілі БЕЛТА ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.

Навучальная ўстанова стане трэцяй школай міру ў рэгіёне. Ва ўстанове адукацыі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў дзейнічае ўнікальны народны музей баявой славы. Яго стваральнік педагог, ганаровы грамадзянін горада Яўгенія Трапезнікава на базе школы з 1969 года займалася пошукава-даследчай дзейнасцю. Толькі ў Полацкім раёне на падставе пошукавай працы ваенна-патрыятычнага клуба "Разведчыкі воінскай славы" ўстаноўлена 11 помнікаў і тры мемарыяльныя дошкі.

"Рашэнне прысвоіць СШ №2 Наваполацка званне школы міру прынята абласной арганізацыяй Беларускага фонду міру за шматгадовую і плённую працу па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення", - адзначылі ў аблвыканкаме.

Праект "Школа міру" рэалізуецца ў Віцебскай вобласці з мінулага года. Першай у рэгіёне навучальнай установай, якая атрымала гэтае званне, стала СШ №1 Гарадка, другой - віцебская СШ №28. Школа міру - сумесны праект Міністэрства адукацыі і Беларускага фонду міру. Ён закліканы ўцягнуць дзяцей у патрыятычную працу, падрыхтаваць іх да ўдзелу ў дабрачынных акцыях і навучыць вырашаць канфлікты мірным шляхам.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)