У ўрачыстым адкрыцці абноўленага ФАК прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Ігар Бурмістраў, старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч, начальнік упраўлення спорту аблвыканкама Дзяніс Фацееў.

– У Наваполацку пабудавана шмат спартыўных аб'ектаў, тут заўсёды любілі і любяць спорт. Але час ідзе, і таму ўсе аб'екты трэба абнаўляць. Ужо шмат зроблена – змянілі свой выгляд стадыён «Атлант», Лядовы палац. Цяпер найстарэйшы фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Смарагд» атрымлівае сваё новае жыццё. І, вядома ж, гэта будзе спрыяць таму, што не толькі спорт, але і фізкультура, якая вельмі патрэбна ўсім жыхарам, станавілася папулярнай, мацнела наша моладзь, – адзначыў Вячаслаў Дурноў.

Ігар Бурмістраў падзякаваў усім датычным да рэканструкцыі важнага для горада аб'екта і ўручыў узнагароды тым, хто вызначыўся ў працы над ФАК.
На капітальны і бягучы рамонт комплексу з гарадскога бюджэту было выдзелена каля 3 млн рублёў. Работы вяліся са снежня 2024 года. У ходзе маштабнай рэканструкцыі праведзены капітальны рамонт даху, чары басейна з уладкаваннем падагрэву абходных дарожак, устаноўлена новая аўтаматызаваная сістэма водападрыхтоўкі. Праведзена мадэрнізацыя інжынерных сістэм: ацяпленне, электразабеспячэнне і асвятленне. Акрамя гэтага, зроблены бягучы рамонт у сауне, спартыўнай зале, холе, душавых і раздзявальнях, заменены вокны і дзвярныя блокі. Абнаўлены фасад будынка і добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

Фiзкультурна-аздараўленчы комплекс «Смарагд» з басейнам — гэта шматфункцыянальны цэнтр, які ўключае 25-метровы басейн (6 плавальных дарожак), спартыўную залу для вучэбна-трэніровачных заняткаў па гульнявых відах спорту, малую фітнес-залу, адкрыты корт, сауну. Прапускная здольнасць спорткомплекса – да 800 чалавек у суткі.

vitebsk-region.gov.by