З 5 па 10 снежня ў Нефтеграде за перамогу змагаліся каля 230 спартсменаў з 13 рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Некалькі дзён у Лядовым палацы г. Наваполацка разгортваліся гарачыя баталіі. Хакейныя каманды дэманстравалі прыгожую камандную гульню, дакладнасць і хуткасць. На лёдзе было па-сапраўднаму горача.
У спаборніцкую праграму лыжнікаў надвор'е ўнесла карэкціроўкі, і замест лыжных гонак іх чакаў крос на базе Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.
На ўрачыстым закрыцці спартакіяды пераможцам былі ўручаны заслужаныя медалі і кубкі.
– Гэтая спартакіяда – пачатак вашага спартыўнага шляху. Вы – наймацнейшыя! Любіце і паважайце спорт, – звярнуўся да юных спартсменаў начальнік упраўлення кадравай палітыкі і ідэалагічнай работы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Шыпарёў.
Кансультант аддзела фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў Дэпартамента фізічнай культуры і масавага спорту Расійскай Федэрацыі Аляксандр Паноў падзякаваў кіраўніцтву г. Наваполацка за высокі ўзровень арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў і вольнага часу ўдзельнікаў спартакіяды.
Самым доўгачаканым і хвалюючым момантам закрыцця спартакіяды стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Так, у хакеі з шайбай першае месца заваявала каманда «Яраславіч» (Яраслаўская вобласць, Расія), другое – «Юнацтва» (Ніжагародская вобласць, Расія), трэцяе – «Арктур» (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Расія).
Сярод лыжнікаў месцы размеркаваліся наступным чынам: у камандным заліку і змешанай эстафеце першае месца ў спартсменаў з Гомельскай вобласці, другое – у лыжнікаў з Чалябінскай вобласці, на трэцяй прыступцы п'едэстала – хлопцы з Магілёўскай вобласці.
Спартыўныя старты ззаду, а ў скарбонцы юных спартсменаў не толькі медалі, але і асабістыя рэкорды, новыя знаёмствы і ўражанні.