18 чэрвеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Мабільны пункт добраахвотнага кансультавання і тэсціравання для спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў будзе працаваць у пасёлку Барань Аршанскага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

  Работа такога пункта арганізавана абласной арганізацыяй БТЧК у рамках праекта "Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь-2". Перасоўны пункт уяўляе сабой сучасную медыцынскую лабараторыю, дзе пры дапамозе аналізу крыві за 20 хвілін можна вызначыць, хворы чалавек на такія небяспечныя інфекцыі як ВІЧ, гепатыт В,С, сіфіліс.

  Мабільны пункт працуе па графіку ў Віцебску, а таксама ажыццяўляе выезды ў Полацк, Наваполацк, Талачын, Гарадок, Ліёзна, Дубровну і Дубровенскі раён. У другім паўгоддзі бягучага года плануецца ахапіць кансультаваннем Барань Аршанскага раёна.

  Акрамя тэсціравання і кансультавання, у мабільным пункце можна атрымаць спіртавыя сурвэткі, сродкі дэзінфекцыі, інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы, гігіенічныя наборы.

На працягу мінулага года ў мабільным пункце было пратэставана і пракансультавана каля 600 чалавек. У 2013-м праца працягваецца. Акцэнт зроблены на рэгіёны, дзе выяўлена найбольшая колькасць інфікаваных – Ліёзна, Дубровенскі і Аршанскі раёны.-0-