У Оршы Дзеды Марозы згуляюць у навагоднім песенным батле, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.
У Оршы Дзеды Марозы згуляюць у навагоднім песенным батле, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.
Вакальнае спаборніцтва ўваходзіць у праграму тэатралізаванага навагодняга конкурсу-параду "Карнавал Дзедаў Марозаў - 2016", які адбудзецца ў Оршы 23 снежня. Удзельнікамі конкурсу стануць каманды казачных персанажаў пад кіраўніцтвам Дзеда Мароза і Снягуркі. Адзін з самых яркіх этапаў конкурсу - выкананне песні "Елачка". Канкурэнтам трэба будзе прыкласці нямала намаганняў, каб надаць навагодняму шлягеру новыя фарбы, выканаць песню крэатыўна і таленавіта. Акрамя гэтага каманды-ўдзельніцы прадставяць навагодні слоган-прэзентацыю і арыгінальнае навагодняе ўпрыгожванне або сувенір. Аб намеры ўдзельнічаць у навагоднім спаборніцтве заявілі каля 20 калектываў устаноў і арганізацый раёна.
Святочнае мерапрыемства таксама ўключае тэатралізаванае шэсце казачных персанажаў па вуліцы Леніна і цырымонію запальвання святочных агнёў на галоўнай елцы Аршанскага раёна на плошчы ля езуіцкага калегіума. Будуць арганізаваны святочны гандаль, выстава цацак і сувенірнай прадукцыі, забаўляльныя праграмы для дзяцей і дарослых, вясёлыя навагоднія забавы. Завершыцца карнавал танцавальным флэшмобам.