Юбілейны X Міжнародны эканамічны форум, які стаў адной з візітных картак Аршаншчыны, стартаваў 27 красавіка ў горадзе на Дняпры.

Юбілейны X Міжнародны эканамічны форум, які стаў адной з візітных картак Аршаншчыны, стартаваў 27 красавіка ў горадзе на Дняпры.

Яго ўрачыстае адкрыццё з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама і Віцебскага аддзялення БелГПП, кіраўнікоў горада Смаленска, Цвярской гарадской Думы, муніцыпальнага ўтварэння «Вяземскі раён» і інш. ганаровых гасцей адбылося на тэрыторыі Лядовай арэны. Тут жа разгарнулася Рэспубліканская ўніверсальная выстаўка-кірмаш «Аршанскія традыцыі».

Міжнародны эканамічны форум – унікальная платформа для ўмацавання і развіцця міжрэгіянальных сувязяў з дружалюбнымі краінамі. Пра гэта сказала падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Анжаліка Нікіціна.

– Дзякуючы такім мерапрыемствам перад намі адкрываюцца вялікія перспектывы ў супрацоўніцтве на рэгіянальным узроўні. Узаемадзеянне паміж рэгіёнамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі – гэта вельмі важна як для Аршаншчыны, так і для Віцебскай вобласці ў цэлым. Сёння, як ніколі, мы павінны разам згуртавацца і вырашаць назрэлыя пытанні, – адзначыла намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка сказаў пра тое, што далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі надасць дадатковы імпульс у наладжванні эканамічных, сацыяльных, культурных, турыстычных сувязяў.

– Мы ганарымся і паважаем дружбу з нашымі рэгіёнамі-партнёрамі, цэнім міжнароднае супрацоўніцтва і імкнемся яго развіваць, – сказаў кіраўнік раёна. – Сёння абавязкова знойдзем чарговыя кропкі сутыкнення ў гэты няпросты час эканамічных санкцый.

У сваю чаргу генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення БелГПП Наталля Вараб'ёва падкрэсліла, што за гэты перыяд дадзены эканамічны форум стаў аўтарытэтнай міжнароднай пляцоўкай для рэгіянальных зносін, абмеркавання перспектыў развіцця, магчымасцей супрацоўніцтва, унёс велізарны ўклад у дыпламатыю рэгіянальнага пабрацімства.

– Мы ўжо ў 10-ы раз сумесна з кіраўніцтвам Аршанскага райвыканкама арганізуем і адкрываем гэта значнае мерапрыемства, – сказала яна. – Аршанскі рэгіён – прыярытэтны ў Беларусі. Без сумневу, ён прыцягвае ўвагу і карыстаецца прызнаннем.

Імпартазамяшчэнне, інавацыі, інвестыцыі і экспартны патэнцыял рэгіёнаў – акцэнты форуму. На перамоўнай пляцоўцы і выстаўцы-кірмашы «Аршанскія традыцыі» сустрэліся каля 60 вядучых айчынных кампаній, а таксама прадпрыемстваў і бізнес-супольнасцей Расіі.

Тэмай першага дня працы форуму стала міжнароднае супрацоўніцтва: узаемадзеянне гарадоў-партнёраў.

Акрамя стану і перспектыў у эканоміцы, абмеркавалі супрацоўніцтва ў сферах аховы здароўя, адукацыі, спорту і культуры, сацыяльнай абароны.

Знакавай падзеяй першага дня працы Міжнароднага эканамічнага форуму стала падпісанне Дагавора аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж Аршанскім раёнам Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь і горадам Цвер Расійскай Федэрацыі. Яго змацавалі подпісамі Ігар Ісачэнка і Кіраўнік Цвярской гарадской Думы Яўгеній Пічуеў.

Сумесна з ВДУ ім. Машэрава, ВГТУ, Віцебскім медуніверсітэтам, БДСГА, кампаніяй Cleverland, установамі адукацыі, каледжамі і ліцэямі Аршанскага раёна была арганізавана кірмаш вакансій.

Другі дзень форуму, 28 красавіка, будзе прысвечаны супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Плануецца падпісанне Мемарандума аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж пілотнай зонай рэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва «Кітай-ШАС» і СЭЗ «Віцебск».

29 красавіка ўдзельнікі мерапрыемства абмяркуюць тэму «Фінансаванне, магчымасці і выклікі развіцця рэгіянальнай інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва». Эксперты раскажуць аб інструментах падтрымкі малога бізнесу, рабоце сельскагаспадарчых кластараў, прымяненні лічбавых інструментаў і інш. Падчас цырымоніі закрыцця ўдзельнікам уручаць дыпломы.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by