15 снежня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. У першы дзень датэрміновага галасавання ўдзел у выбарах Прэзідэнта Беларусі прынялі 3,4% выбаршчыкаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Усяго ў спісах грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, налічваецца каля 7 млн. 44 тыс. чалавек. З іх магчымасцю прагаласаваць датэрмінова ўжо скарысталіся больш за 237 тыс. чалавек. У Брэсцкай вобласці датэрмінова прагаласавалі 2,6% выбаршчыкаў, у Віцебскай - 5%, у Гомельскай - 4,2%, у Гродзенскай - 3,1%, у Мінскай - 3%, у Магілёўскай - 3,5%, у горадзе Мінску - 2,6%. Па словах Мікалая Лазавіка, датэрміновае галасаванне пачалося дастаткова актыўна. "Ніякіх сігналаў аб парушэннях, збоях у працы выбарчых камісій не паступала", - дадаў ён. Усюды выбарчыя ўчасткі былі адкрыты ва ўстаноўлены законам час, строга выконвалася працэдура пачатку датэрміновага галасавання. Нагадаем, што датэрміновае галасаванне пачалося за 5 дзён да асноўнай даты выбараў - 19 снежня. Яно працягнецца па 18 снежня. У гэты перыяд выбарчыя ўчасткі працуюць штодня з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Для таго, каб прагаласаваць датэрмінова, выбаршчыку неабходна мець пры сабе пашпарт або адзін з дакументаў, які яго замяняе: пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет, пасведчанне супрацоўніка дзяржаўнага органа, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), даведку органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт або здалі яго на абмен).-0-

БЕЛТА