У план развіцця адсталых рэгіёнаў Беларусі прапануецца ўключыць 280 праектаў, паведаміў журналістам міністр эканомікі Дзмітрый Круты падчас пасяджэння Прэзідыума Саўміна, дзе абмяркоўваецца гэты дакумент, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На сённяшні дзень сфарміраваны пакет з 280 праектаў. Прыкладна 54 праекты будуць створаны з нуля, каля 80 - гэта інвестыцыі ў дзеючыя вытворчасці і 140 праектаў адносяцца да сферы інфраструктуры (каля 30% - прамысловая інфраструктура, астатняе - сацыяльныя аб'екты)", - распавёў Дзмітрый Круты.

Мінэканомікі мяркуе, што аб'ём інвестыцый, а, адпаведна, і ўсе астатнія паказчыкі (выручка на аднаго занятага, узровень заработнай платы) будуць расці вышэй, чым у сярэднім па абласцях, дзе гэтыя раёны размешчаны.

Па словах міністра, умовы для інвестараў у гэтых адсталых рэгіёнах - адно з самых дыскусійных пытанняў. "Калі паглядзець цвяроза, то можна сказаць, што ўвесь пакет прэферэнцый там ужо дзейнічае. Усе раёны падпадаюць пад дзеянне дэкрэта №6 па малых гарадах у сельскай мясцовасці, там свой аб'ём падатковых ільгот. Частка раёнаў мае ўчасткі свабодных эканамічных зон, і там будуць рэалізоўвацца праекты, гэта якраз патрабаванне Прэзідэнта, мы ўвесь раён не зможам аб'явіць СЭЗ, імі будуць аб'яўляцца канкрэтныя вытворчыя пляцоўкі, куды прыйдуць у першую чаргу прамысловыя прадпрыемствы", - распавёў Дзмітрый Круты.

Па яго словах, больш за 90% праектаў прафінансуюць беларускія інвестары. Астатняе возьмуць на сябе замежныя інвестары, а таксама міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія накіроўваюць сродкі ў першую чаргу на развіццё інфраструктуры, напрыклад, будаўніцтва станцый абезжалезвання вады або перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва, развіццё альтэрнатыўных відаў энергетыкі. Сродкі Сусветнага банка будуць выкарыстоўвацца для рамонту школ і бальніц.

План развіцця адсталых рэгіёнаў плануецца зацвердзіць пастановай Саўміна. Яго выкананне будуць маніторыць аблвыканкамы сумесна з урадам.

Акрамя 280 праектаў ёсць яшчэ 224 інвестыцыйныя прапановы. Гэта, па сутнасці, бізнес-ідэі, якія неабходна адпрацоўваць з зацікаўленымі, вызначаць крыніцы фінансавання і тэрміны. Гэта патэнцыйны пул інвестыцый, якія павялічаць эканоміку гэтых раёнаў", - растлумачыў міністр.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)