17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка прыняў з дакладам старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Касінца, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Губернатар праінфармаваў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці за першы квартал, ходзе веснавых палявых работ. Па словах Аляксандра Касінца, выкананы практычна ўсе прагнозныя паказчыкі. У прыватнасці, тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту дасягнуў 121% да аналагічнага перыяду мінулага года, індэкс фізічнага аб'ёму выпуску прадукцыі вытворчасці - 136%. Экспарт у прадпрыемстваў камунальнай уласнасці без уліку нафты і нафтапрадуктаў за студзень-люты павялічыўся ў 6 разоў, ужо выканана гадавое заданне па гэтым паказчыку. Сальда знешняга гандлю за першы квартал з'яўляецца станоўчым і папярэдне ацэньваецца ў $687 млн. пры гадавым заданні ў $290 млн. Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў тэмп сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў першым квартале, запатрабаваў не зніжаць яго ў другім квартале і да чэрвеня дасягнуць сярэдняй зарплаты ў рэгіёне ў эквіваленце каля $400. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на неабходнасці інтэнсіфікаваць работу аграпрамысловага комплексу з улікам пагодных умоў і завяршыць веснавыя палявыя работы, сяўбу яравых у рэгіёне да 8 мая. На сустрэчы размова ішла таксама аб новай канцэпцыі развіцця Полацка, у прыватнасці, стварэнні культурна-гістарычнага цэнтра і турыстычнай інфраструктуры вакол Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Сафійскага сабора. Тэрыторыі, прылеглыя да гэтых галоўных духоўных святынь Беларусі, павінны цалкам пераўтварыцца. Па словах губернатара, які прадставіў праект, агульны яго кошт ацэньваецца ў Br2 трлн. Для рэалізацыі плануецца прыцягнуць сродкі інвестараў. Як распавёў Аляксандр Касінец, праектам прадугледжваюцца рэканструкцыя многіх гарадскіх аб'ектаў, будаўніцтва гасцініц, выставочных цэнтраў, аднаўленне сцежкі святой Еўфрасінні ўздоўж ракі Полаты, якая стане суднаходнай, абсталяванне зон адпачынку, узвядзенне рэстаранаў, кафэ. Такім чынам, плануецца зрабіць усё неабходнае для таго, каб Полацк стаў буйным гісторыка-культурным цэнтрам, які будзе прывабным для турыстаў. Па словах губернатара, праект плануецца завяршыць у 2015 годзе. Кіраўнік дзяржавы адобрыў прапанаваную канцэпцыю і даручыў падрыхтаваць праект адпаведнага ўказа.-0-