У Полацку напярэдадні падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

У Полацку напярэдадні падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Гран-пры конкурсу ў намінацыі "Анімацыя" атрымала дзіцячая творчая студыя "Фабрыка зорак" з Мінска за фільм "Бабулін агарод". У намінацыі "Дакументальны фільм" перамог Аляксей Аверук з Гродна з стужкай "Стары добры клавесін". Найлепшым ігравым пастановачным фільмам стала карціна "Безыменныя" студыі KONI crew з Мінска. Дыпломамі I, II і III ступені адзначаны аўтары найлепшых работ у намінацыях "Рэклама", "Сацыяльны ролік", "Эсэ", "Тэматычная праграма", "Музычны кліп", "Ад Полацка пачаўся свет…". Апошняя з'явілася сёлета ў гонар шматвяковай гісторыі горада. Прыз гледачовых сімпатый падзялілі шэсць конкурсантаў.

Сёлета конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча праводзіўся ў чацвёрты раз, упершыню – у статусе рэспубліканскага. За перамогу ў ім змагаліся 96 удзельнікаў (22 прафесіяналы, 43 аматары, астатнія – студыі) ва ўзросце ад 14 да 66 гадоў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Германіі. Яны прапанавалі на суд гледачоў і прафесійнага журы 66 дакументальных фільмаў, 54 ігравых, 9 анімацый, 14 кліпаў, 12 рэкламных і 20 сацыяльных ролікаў, 8 тэматычных праграм і 5 эсэ.

Акрамя таго, сёлета форум набыў шэсць даччыных конкурсаў: "Усе мы родам з дзяцінства" (сярод дзіцячых дашкольных устаноў адукацыі), "Вялікая перамена" (сярод вучняў 1-7 класаў), "Мы – маладыя, надзея краіны" (сярод вучняў 8-11 класаў), "SmartСТУДЫЯ" (сярод вучняў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі), "У аб'ектыве – чалавек" (сярод сельскіх выканкамаў), "У аб'ектыве – прадпрыемства" (сярод работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў). У іх узялі ўдзел амаль 70 прадпрыемстваў і ўстаноў Полацка і Полацкага раёна, якія заявілі 124 работы.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства культуры, Віцебскі аблвыканкам, Полацкі райвыканкам, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)