20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Гранітны стакан з закладного комплексу помніка Героям Айчыннай вайны 1812 года, узведзенага ў XIX стагоддзі, у Полацку знойдзены супрацоўнікамі КДБ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-групе УКДБ па Віцебскай вобласці.
КДБ пастаянна праводзіць работу па пошуку і ўстанаўленні месцаў знаходжання рэліквій і гістарычных каштоўнасцей. Так супала, што напярэдадні знамянальных дат 1150-годдзя Полацка і 200-годдзя Айчыннай вайны 1812 года чэкісты падчас праверкі атрыманай аператыўнай інфармацыі на тэрыторыі склада адшукалі, як здавалася, назаўжды страчаны, гранітны масіўны стакан з закладного комплексу памерам прыкладна 50 на 50 см і вышынёй 30 см.
Комплекс складаўся з меднай таблічкі з надпісам аб указе імператара Мікалая I аб закладцы помнікаў у гонар 25-годдзя перамогі над французамі ў месцах найбольш кровапралітных баёў, укладзеную ў паглыбленне ў кавалку бела-шэрага граніту і накрытую гранітнай плітой з высечаным Георгіеўскім крыжам. Закладны комплекс быў асвечаны і замураваны ў падмурак помніка, які будаваўся. Аналагічныя памятныя знакі былі ўмураваны і ў астатнія шэсць тыпавых помнікаў. Помнік у Полацку адкрылі ў 1850 годзе, а менш чым праз стагоддзе, у 1932 годзе, разбурылі да падмурка.
У 2009 годзе пры падтрымцы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі пачалося аднаўленне манумента. У ходзе археалагічных раскопак былі выяўлены меднай закладная таблічка і гранітная пліта, а вось самога стакана не знайшлі.
Каштоўныя знаходкі былі перададзены Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Для экспанавання закладного комплексу выкарыстоўвалі макет гранітнага стакана. Цяпер знаходка чэкістаў зойме годнае месца ў музейнай экспазіцыі. -0-
БЕЛТА
У Полацку супрацоўнікі КДБ знайшлі гістарычную каштоўнасць
20.10.20110 праглядаў