У Полацку навучэнцы павіншуюць сваіх маці са святам пісьмамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
У Полацку навучэнцы павіншуюць сваіх маці са святам пісьмамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
Маладзёжная акцыя "Тваім цяплом зямля сагрэта, мама!" стартуе сёння. Удзельнікамі мерапрыемства, прысвечанага Дню маці, стануць больш за 200 навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі горада і Полацкага раёна, якія пражываюць удалечыні ад сваіх бацькоў. Хлопцы і дзяўчаты павіншуюць сваіх мам пісьмамі, у якіх выкажуць ім самыя цёплыя пажаданні, словы любові і ўдзячнасці. Маркіраваныя канверты з лагатыпам свята распаўсюджаны сярод рабят. На працягу некалькіх дзён, якраз да свята, пісьмы дойдуць да сваіх адрасатаў.
"Лягчэй і хутчэй за ўсё павіншаваць патрэбнага чалавека, дзе б ён ні знаходзіўся, па тэлефоне. Сёння мы ўсе так робім. Але актуальнасць папяровага пісьма нікуды не знікла. Любому прыемна атрымаць такое пасланне, адчуць хваляванне пры адкрыцці канверта, перачытаць кранальныя радкі, напісаныя рукой дарагога чалавека", - падкрэслілі ў райвыканкаме.
Акцыя праводзіцца пры падтрымцы Полацкага райвыканкама і раённага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП "Белпошта".