У Год міру і стваральнай працы ў Полацкім раёне рэалізуецца серыя фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў «Спартыўная краіна – здаровая нацыя». За ёмістым назовам – яркія і крэатыўныя спартыўныя падзеі. Адну з іх упершыню правядуць у Полацку ўжо ў гэту пятніцу, 3 лютага. Больш за сотню палачан, дружных са спортам і ЗЛЖ, рыхтуюцца да займальнага квесту «Начная лыжня».
Ідэя мерапрыемства, якую актыўна падтрымала кіраўніцтва раёна, належыць Полацкаму фізкультурна-спартыўнаму клубу «Прыдзвінне». Яго дырэктар Аляксей Ванько расказаў:
— Квест «Начная лыжня» – гэта захапляльная сваёй дынамікай гонка, на якую запрашаем усіх ахвотных. Ужо сёння можна казаць пра тое, што цікавасць праявіла больш за сто энтузіястаў. Яны стартуюць ад помніка «Клятва партызан», а фінішуюць паблізу знака ў гонар памежнікаў усіх пакаленняў на набярэжнай насупраць Сафійскага сабора. Цікава, што ў экіпіроўцы апроч стандартных лыж не абыдзецца без налобных ліхтароў. Спаборніцкі стыль будзе вольным, фармат гонкі – мас-старт.
У дапамогу лыжнікам – карта-схема з абазначэннем цікавых з гістарычнага пункту гледжання аб'ектаў на тэрыторыі парку імя 50-годдзя Савецкай Улады (паблізу Кургана Няскораных). У кожнага з іх трэба будзе зрабіць сэлфі. Таксама на кропках задання ўдзельнікі змогуць знайсці пэўныя літары, каб па выніках усяго мерапрыемства сабраць з іх фразу «Мір і стваральная праца».
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Полацкае раённае аб'яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя ГА «БРСМ», упраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама, раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» і ФСК «Прыдзвінне».
Снегу для таго, каб гонка ўдалася, дастаткова, супакоілі арганізатары. Выдатнае надвор'е, а сіноптыкі абяцаюць невялікі мінус, таксама настроіць усіх на спартыўна-пазітыўны лад. Адчуць рамантыку вечаровых лыжных прагулак, атрымаць асалоду ад зімовай прыроды і аздаравіцца змогуць і пачаткоўцы, і сапраўдныя «гурман» снежных трас. Эмоцыі, уражанні ад «Начнай лыжні» будуць незабыўнымі, абяцае Аляксей Ванько:
— Але пра прыемнае напамінанне мы ўсё ж паклапаціліся. Значок з лагатыпам мерапрыемства прэзентуем удзельнікам на фінішы. Замерзнуць не атрымаецца! Усіх чакае гарачы чай ад Полацкай раённай арганізацыі ГА «Чырвоны Крыж», а таксама агульнае фота ў святле ліхтароў: на фоне нашай культурна-духоўнай і турыстычнай жамчужыны – Сафійскага сабора.