25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Полацку на працягу трох гадоў можа быць ліквідавана чарга на жыллё. Аб гэтым паведаміў старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк на анлайн-канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва. "Цяпер у горадзе будуюцца жыхары, якія стаяць у чарзе з 2008-2009 гадоў. То бок, чарга невялікая - крыху больш за 7 тыс. чаргавікоў. У прынцыпе пры такіх тэмпах будаўніцтва, я лічу, мы на працягу максімум трох гадоў зможам ліквідаваць чарговасць. Гэта не праблема, таму што будаўнічыя магутнасці ёсць, галоўнае, каб у людзей былі магчымасці будаваць", - адзначыў Аляксандр Пазняк. Полацк будуецца дастаткова інтэнсіўна. За мінулы год пабудавана больш за 40 тыс. кв. м жылля. Прыкладна каля гэтага аб'ёму плануецца ўзвесці ў 2012-м. З іх шматпавярховага жылля - прыкладна 23 тыс. кв. м. "Цяпер мы робім упор на тое, каб значна інтэнсіўней развівалася індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, каб чалавек меў свой дом. Для гэтага ў нас ёсць участкі, інфармацыя пра іх размешчана на сайце Полацкага гарвыканкама, і ў прынцыпе любы жыхар горада можа ўзяць участак для будаўніцтва", - сказаў старшыня выканкама. Ён таксама паведаміў, што ў 2012 годзе ў Полацку пачынаецца будаўніцтва камерцыйнага жылля, чаго раней не было. З інвестарам заключаецца інвестдагавор на будаўніцтва ў горадзе двух шматпавярховых дамоў за кошт яго сродкаў. "Інвестар пабудуе гэтыя дамы, ёсць папярэдняя дамоўленасць аб тым, што гэтыя дамы будуць па цане ніжэй, чым кошт квадратнага метра ў дамах, якія цяпер здаюцца. Інвестар бярэ гэтыя рызыкі на сябе. І гэтыя дамы будуць прадавацца жыхарам Полацка, зыходзячы з таго, што тут прыменены больш танныя метады працы, якія не ўплываюць на якасць", - сказаў Аляксандр Пазняк. Старшыня выканкама сказаў, што 25-26 мая ў Полацку да Дня горада пройдзе міжнародны інвестыцыйны форум. На ім будуць прадстаўлены нанатэхналогіі ў галіне ўцяплення дамоў. "Уцяпленне дамоў будзе праводзіцца на аснове нанатэхналогій, якія насамрэч не даражэйшыя за цяперашняе ўцяпленне. Гэта таксама дапаможа палепшыць якасць жылля і зрабіць яго таннейшым", - рэзюмаваў ён.-0-

БЕЛТА