13 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэтэндэнты на званне "Гаспадар сяла" ў Віцебскай вобласці будуць лавіць рыбу голымі рукамі і збіраць бульбу на хуткасць, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ. Абласны этап рэспубліканскага праекта адбудзецца 18 жніўня ў вёсцы Фарынава Полацкага раёна. У пагоні за перамогай амаль два дзясяткі сямейных пар павінны будуць аформіць сямейны куток з выкарыстаннем уласных творчых работ, арыгінальных кулінарных страў, стварыць дызайнерскія букеты. Навыкі сельскага жыцця дапаможа выявіць конкурс "Дрывасек", "Наезніца", "На млыне", "Дзядоўская рыбалка". Апошні ўяўляе асаблівую цікавасць, бо традыцыйныя рыбалоўныя прынады тут супернікам не спатрэбяцца: у імправізаваным акварыуме глыбінёй да 60 см сужэнцам трэба будзе лавіць жывую рыбу рукамі. Пераможцы, якія зловяць найбольшы ўлоў, атрымаюць званне самай спрытнай сям'і. Не застанецца без увагі журы фізічная форма ўдзельнікаў. Самых спартыўных выявіць сельская эстафета, якая складаецца з трох этапаў, пры праходжанні якіх удзельнікам трэба будзе збіраць бульбу на хуткасць, насіць ваду з дапамогай каромысла, майстраваць клеткі для птушак з падручных матэрыялаў. Усе ўдзельнікі конкурсу за волю і імкненне да перамогі будуць узнагароджаны памятнымі падарункамі і дыпломамі, а пераможца абласнога этапу атрымае да таго ж права прадставіць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім этапе, які пройдзе ў верасні ў Горках Магілёўскай вобласці. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Віцебскі абкам БРСМ, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, Полацкі гарвыканкам, абкам прафсаюза работнікаў АПК, абласная арганізацыя БТЧК.

БЕЛТА