4 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Полацкім раёне завяршыўся падрыхтоўчы этап да будаўніцтва гідраэлектрастацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў віцебскім рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Віцебскэнерга". Падрыхтоўчым этапам да ўзвядзення Полацкай ГЭС з'яўлялася будаўніцтва абыходнога канала, якое праводзілася з сакавіка па жнівень. На месцы будучага аб'екта (за 10 км ад Полацка каля вёскі Лучна) 5 верасня завершыцца перакрыццё рэчышча Заходняй Дзвіны, што дазволіць будаўнікам прыступіць непасрэдна да галоўных работ - будаўніцтва гідравузла Полацкай ГЭС. Адначасова выкананы і іншыя работы. Так, на месцы будучай ГЭС на правым беразе ракі распрацаваны катлаван да адзнакі 111 м. Пракладзены лініі электразабеспячэння будаўнічай пляцоўкі напружаннем 10 кВ і 0,4 кВ, завяршаецца добраўпарадкаванне пад'язной дарогі ад дзяржаўнай дарожнай сеткі, вядзецца прылада 4-й ніткі водапаніжальных свідравін катлавана. Восенню плануецца прыступіць да ўзвядзення плаціны. На левым беразе ракі вядзецца распрацоўка грунту абыходнога канала экскаватарамі з транспарціроўкай у адвал. Адначасова выконваецца планаванне адхонаў канала, мацаванне дна і адхонаў канала шчэбнем. Будаўніцтва Полацкай ГЭС у пойме Заходняй Дзвіны вядзецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы на перыяд да 2016 года. Кантракт на правядзенне комплекснага будаўніцтва гідравузла заключаны з расійскім прадпрыемствам ААТ "ВА "Тэхнапрамэкспарт", якое выканае ўсе работы "пад ключ", уключаючы праектаванне, будаўніцтва, пастаўку і мантаж абсталявання, пусканаладачныя і рэжымна-наладачныя работы, выпрабаванні, здачу аб'екта ў эксплуатацыю. "У цяперашні час усе прапанаваныя расійскай кампаніяй тэхнічныя і канструктарска-кампановачныя рашэнні па асноўных збудаваннях ГЭС, уключаючы будаўніцтва абыходнога канала, узгоднены. У адпаведнасці з графікам распрацоўваюцца чарцяжы і будаўнічая дакументацыя. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што генеральным падрадчыкам выступае "Тэхнапрамэкспарт", у рэалізацыі праекта задзейнічаны многія прадпрыемствы Віцебскай вобласці", - адзначылі ў "Віцебскэнерга". Пастаўшчыком асноўнага энергетычнага абсталявання з'яўляецца чэшская кампанія Mavel.