У аграгарадку Гомель Полацкага раёна пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыяльны комплекс «Партызанам брыгады імя К.Е. Варашылава».

Ініцыятыва па добраўпарадкаванні, комплексным рамонце і рэстаўрацыі мемарыяла ў памяць аб загінулых савецкіх салдатаў і партызанах у гады Вялікай Айчыннай вайны рэалізавана УП «Віцебскаблводаканал». У дастаткова кароткія тэрміны тут быў выкананы вялікі фронт работ: аднаўленне мемарыяла, гранітная абліцоўка асобных элементаў, афарбоўка, укладка новай тратуарнай пліткі, устаноўка сучаснага асвятлення і азеляненне.

– Мемарыяльны комплекс, які мы сёння адкрываем пасля мадэрнізацыі, – гэта не проста помнік гісторыі, гэта месца памяці, пакланенне перад подзвігам герояў, месца смутку і гонару. Упэўнены, адкрыццё комплексу будзе садзейнічаць нашаму грамадзянскаму станаўленню і патрыятычнаму выхаванню не толькі нашых дзяцей, але і нас з вамі. Важна памятаць гісторыю свайго народа і шанаваць памяць герояў. І перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, толькі так мы зможам захаваць мір і стабільнасць на нашай зямлі, – звярнуўся да прысутных старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Пасля ўрачыстага адкрыцця абноўлены мемарыяльны комплекс быў алічбаваны. Гэтаму знакаваму месцу прысвоены QR-код, які дапаможа адным рухам рукі перанесці кожнага, хто наведае гэты мемарыял, на платформу, дзе можна азнаёміцца з яго гісторыяй.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, і ў знак удзячнасці ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла.

Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, старшыня Полацкага райвыканкама Васіль Шылаў.

Даведка «ВВ»
Мемарыяльны комплекс узведзены ў памяць аб 580 загінулых партызанах брыгады ім. К.Е. Варашылава, у склад якой уваходзілі атрады «Мсцівец», «За Радзіму», «Смерць фашыстам», «КІМ», «Бальшавік», ім. Гастэла. Дзейнічалі атрады брыгады на акупаванай тэрыторыі Ветрынскага, Ушацкага і Пліскага раёнаў. Партызаны наносілі ўдары на чыгунцы Полацк – Маладзечна, на шасейных і грунтавых дарогах. Брыгада вяла жорсткія баі за ўтрыманне раёна дыслакацыі да злучэння з Чырвонай Арміяй 1 ліпеня 1944 года.

vitebsk-region.gov.by