Дзе можна даведацца гісторыю роднага краю? З кніг, архіваў, успамінаў мясцовых жыхароў.
Дзе можна даведацца гісторыю роднага краю? З кніг, архіваў, успамінаў мясцовых жыхароў. Праўда, часам на пошукі праўдзівай інфармацыі можа сысці нямала часу, таму лепш звярнуцца па дапамогу. Да прыкладу, удзельнікам зялёнага маршруту «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў» і гаспадарам аграсядзіб Лепельшчыны ў гэтай справе дапамаглі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея. Сабраны матэрыял пра вёскі яны прадставілі гасцям на семінары, які прайшоў у межах еўрапейскага праекта «Вада, прырода і людзі ў ландшафце, які знікае. Развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі».
Дырэктар музея Аліна Стэльмах правяла тэматычную экскурсію. Залы прыроды, гістарычнага мінулага, гісторыі 20-30-х гадоў, Вялікай Айчыннай вайны, перамогі – удзельнікі семінара з цікавасцю разглядалі кожную экспазіцыю. Па добрай традыцыі ў зале прыроды яны павязалі стужачкі на дрэва жаданняў, загадаўшы пры гэтым самае запаветнае. Як ні дзіўна, не адразу здагадаліся аматары сельскага агратурызму пра сапраўднае прызначэнне драўляных хадуноў. Акунуліся госці і ў атмасферу 22 чэрвеня 1941 года, праслухаўшы паведамленне Левітана пра пачатак вайны…
Завяршылася экскурсія наведваннем выставы «Лепель – горад павятовы». У гэтым зале і прайшла прэзентацыя гісторыка-краязнаўчага матэрыялу пра вёскі Лепельскага раёна.
Суша, Камень, Селішча, Полсвіж і яшчэ шэсць вёсак – выбар на гэтыя населеныя пункты выпаў не выпадкова. Гаварылі пра тыя, у якіх ёсць аграсядзібы, а таксама пра тыя, якія найбольш цікавыя прысутным.
Пасля этнаграфічнай прэзентацыі гасцей чакала анімацыйная гульня «У гасцях у Лепельскага цмока». Тут давялося ўзгадаць і прэснаводных рыб, і глыбіню Лепельскага возера, вылавіўшы з тазіка пластыкавыя лічбы, і год узвядзення Георгіеўскай царквы. Былі і загадкі на кемлівасць, і конкурс капітанаў.
Пасля прэзентацыі кніг, выдадзеных краязнаўчым музеем, госці з задавальненнем прадэгуставалі нацыянальную кухню – клёцкі. Ёсць вялікая верагоднасць, што менавіта гэтая страва стане брэндам нашага раёна і будзе падавацца ва ўсіх пунктах харчавання Лепельшчыны. Справа ў тым, што ўжо зараз ідзе падрыхтоўка да новага міжнароднага праекта «Bella Cuisine: Кулінарная спадчына», які стартуе ў наступным годзе. У ім возьмуць удзел Латвія, Літва, Швецыя і некалькі беларускіх раёнаў – Полацкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі і Лепельскі. У межах гэтага праекта Беларусь, а ў прыватнасці, Віцебскі рэгіён, як прэтэндэнт у еўрапейскую супольнасць па замацаванні нацыянальных кулінарных традыцый, павінен будзе выпрацаваць адзіны прадукт.
Пакуль жа ў межах праекта, які пачаўся ў маі 2012 года, ужо праведзена чатыры акцыі. Удзельнікі зялёнага маршруту аднавілі ўрочышча «Добрая вада», арганізавалі выставу лепельскага мастака Анатоля Бухаркіна ў Мінску.
Як расказала менеджэр праекта беларускага боку Вольга Маханенка, цікавая акцыя прайшла ў Старалепельскай школе: дзеці наведвалі вядомых у сваёй мясцовасці людзей, а потым сабраную пра іх інфармацыю прэзентавалі ў слайдшоў. Зараз рыхтуецца велікодная акцыя, якая адбудзецца ў бібліятэцы-музеі Тодара Кляшторнага. Акрамя таго, у межах праекта праводзяцца розныя навучальныя семінары, у тым ліку выязныя. Іх геаграфія шырокая – Валожынскі, Кобрынскі, Зэльвенскі, Свіслацкі, Баранавіцкі раёны. Нашы аграсядзібы стажыраваліся ў Польшчы, Калінінградскай вобласці.
Як працуе праект, ацэніць Назіральны савет, які пройдзе на тэрыторыі нашага раёна ў пачатку восені. На Лепельшчыну збяруцца ўсе міжнародныя партнёры – Нідэрланды, Масква, прадстаўнікі Палескага раёна Калінінградскай вобласці. Лепельскаму агратурызму ўжо зараз ёсць чым здзівіць, але шмат цікавых ідэй чакаюць сваёй рэалізацыі…
На здымку: дырэктар Аліна Стэльмах праводзіць экскурсію па музеі.
Фота аўтара.