Працуюць тут 143 чалавекі, сярод якіх 60 кіроўцаў аўтобусаў і 7 кіроўцаў грузавікоў. Адкрыта 56 прыгарадных маршрутаў, 9 гарадскіх і 4 міжгароднія.

Асноўная задача прадпрыемства была і застаецца нязменнай – забеспячэнне транспартных зносін у горадзе і раёне, а таксама выкананне сацыяльнага стандарту па забеспячэнні перавозак пасажыраў аўтобусамі па рэгулярных маршрутах. Простымі словамі, каб людзі мелі магчымасць дабрацца ў любую кропку нашага раёна ў пазначаны час.

Як нам расказалі на прадпрыемстве, у гараджан найбольш папулярныя аўтобусныя маршруты №2, №3 і №5. Аднак колькасць пасажыраў у гарадскіх аўтобусах залежыць ад часу года і надвор'я. Зімой, позняй восенню і ранняй вясной, калі на вуліцы яшчэ холадна, іх паслугамі карыстаецца больш людзей. А вось позняй вясной, летам і ранняй восенню многія лепельчане аддаюць перавагу дабірацца на працу на роварах або пешшу.

Таксама пасажырапаток залежыць ад часу сутак: у гадзіну-пік, калі людзі едуць на працу і з працы, пасажыраў у аўтобусах заўважна больш, чым удзень. Нядаўна аўтапарк прадпрыемства папоўніўся новым аўтобусам. Гэта ўжо другі «навазелец» сёлета. Аўтобус будзе курсіраваць па гарадскім маршруце №5.

МАЗ-203 — гэта гарадскі камфартабельны нізкападлогавы аўтобус новага пакалення, створаны непасрэдна для горада. Ён упэўнена спраўляецца з задачамі на самых цяжкіх і працяглых гарадскіх маршрутах дзякуючы самым сучасным сістэмам кіравання. Разам з тым аўтобус экалагічны і забяспечвае высокі ўзровень камфорту для пасажыраў, не забываючы і пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Сядзенні мяккія, велюравыя. Знешні выгляд прыгожы, не кажучы ўжо пра салон. Для пасажыраў-калясачнікаў адкідваецца панэдус, ёсць спецыяльная пляцоўка і поручні. Тут можна паставіць і дзіцячую каляску. У аўтобусе вядзецца відэаназіранне.

Кіраўніцтва прадпрыемства замацавала за новым транспартным сродкам кіроўцу Леаніда Салодкіна, які працуе на прадпрыемстве 12 гадоў, а агульны кіроўчы стаж мужчыны складае 46 гадоў. За гэты час мужчына перавез тысячы пасажыраў. Многія жыхары сустракаюць і вітаюць яго як блізкага, добра знаёмага чалавека.

Някалькі гадоў наш герой працаваў на прыгарадных маршрутах, і вось ужо каля 10 гадоў курсіруе па горадзе. Маршруты былі розныя, але ён усё таксама спакойна і ўпэўнена вядзе свой аўтобус па любым з іх, усё таксама ветлівы з пасажырамі.

Наш герой родам з Гомельскай вобласці, але па волі лёсу стаў жыхаром нашага раёна:

— Мая жонка родам з вёскі Суша Лепельскага раёна. Так атрымалася, што абгрунтаваліся тут, — кажа мужчына. – За час працы вывучыў Лепельшчыну, яна ўжо стала роднай.

Па словах дырэктара АТП №14 Міхаіла Казімірчыка, Леанід Аляксеевіч заўсёды добрасумленна і адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, мае вялікі досвед паездак, беражліва ставіцца да тэхнікі.

Ён адзін з самых дасведчаных кіроўцаў, вельмі старанны і добрасумленны работнік, спецыяліст сваёй справы. Пасажыры да яго ставяцца з вялікай павагай.

— Працаваць кіроўцам аўтобуса напэўна марылі многія хлапчукі, як і я калісьці, стаць ім няцяжка. Сложней не паддацца хвілінным слабасцям і не расчаравацца ў сваёй прафесіі, — дзеліцца Леанід Аляксеевіч. — У мяне, напрыклад, ніколі не ўзнікала думкі аб змене роду дзейнасці, — дзеліцца мужчына.

Наш герой прызнаецца, што любіць сваіх пасажыраў. З асаблівым трапятаннем ставіцца да дзяцей. Робіць усё, каб падчас паездкі пасажыры былі ў бяспецы. Калі заўважае, што хтосьці спазняецца і бяжыць да аўтобуса, абавязкова чакае, каб чалавек мог бяспечна сесці ў транспарт. Заўсёды сочыць за тым, каб аўтобус быў чыстым і прыбраным перад кожнай паездкай.

З павагай да Леаніда Салодкіна ставяцца і калегі, якім ён гатовы аказаць дапамогу – і словам, і справай.

— Я заўсёды хацеў працаваць з людзьмі – так і атрымалася. А што ўставаць рана даводзіцца, так гэта не праблема. У 5 гадзін выязджаю з дома, а дадому вяртаюся ў 20.30. Бачу ў дарозе ўсе світанкі і заходы сонца. Спазняцца не люблю, таму на працу прыязджаю нават з запасам часу. А далей — строга па графіку.

Напярэдадні свята дырэктар філіяла «Аўтотранспартнае прадпрыемства №14» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Міхаіл Казімірчык павіншаваў калектыў:

— Толькі самыя добрыя словы магу сказаць аб работніках нашага прадпрыемства. Усе працуюць зладжана і адказна, а нашы кіроўцы – сапраўдныя прафесіяналы. Іх працу многія не заўважаюць, але кіроўцам часта ўжо ў палове шостай трэба быць на лініі, а затым своечасова і бяспечна даставіць пасажыраў, або груз да месца прызначэння.

Не магу не сказаць добрых слоў і на адрас работнікаў нашай аўтастанцыі, якія таксама ўносяць сваю лепту ў развіццё прадпрыемства.

Напярэдадні свята хацелася б павіншаваць увесь калектыў нашага філіяла, ветэранаў прадпрыемства і пажадаць усім здароўя, дабрабыту, а таксама роўных і толькі бяспечных дарог!