23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Паставах сёння праходзіць жалобная цырымонія развітання з лётчыкамі-памежнікамі, якія загінулі 20 кастрычніка пры крушэнні верталёта Ecureuil АS 355 NP, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Дзяржпамежкамітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка. Прэс-сакратар растлумачыў, што развітанне з пілотамі пачалося ў 9.00 і праходзіць у гарадскім Доме культуры. Ён дадаў, што цырымонія пахавання журналістаў ТРК "Саюз" (тэлекампаніі Саюзнай дзяржавы), якія таксама загінулі ў катастрофе, пачнецца сёння ў Мінску на Калодзішчанскіх могілках а 14.00. Акрамя таго, 22 кастрычніка ў воінскіх часцях памежкамітэта і на пунктах пропуску адбыліся мітынгі-рэквіемы ў памяць пра загінулых. Як паведамлялася, 20 кастрычніка каля 5.45 у раёне вёскі Вілейты Пастаўскага раёна прыкладна за кіламетр ад беларуска-літоўскай мяжы разбіўся верталёт Дзяржпамежкамітэта Беларусі Ecureuil АS 355 NP вытворчасці кампаніі "Еўракоптэр". На борце знаходзіліся два члены экіпажа і здымачная група ТРК "Саюз". Група рыхтавала спецрэпартаж з мяжы. Усяго ў катастрофе загінула пяць чалавек: пілоты Ігар Скворцоў і Андрэй Пякарскі, карэспандэнт Юлія Шацернік, аператар Віталь Прачкоўскі і кіроўца Сяргей Шамалаў. Цяпер спецыяльная камісія высвятляе прычыны трагедыі. На сайт Дзяржпамежкамітэта працягваюць паступаць спачуванні ад калег з іншых краін, журналістаў, дыпламатаў, розных дзяржорганаў і наогул грамадзян. Для гэтага на вэб-рэсурсе быў адкрыты спецыяльны раздзел.-0-

БЕЛТА