У аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту
«Святліца» ў аграгарадку Камень адбылося пасяджэнне тэрытарыяльнага
метадычнага аб'яднання.
У аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту «Святліца» ў аграгарадку Камень адбылося пасяджэнне тэрытарыяльнага метадычнага аб'яднання. Тэма — удасканаленне работы аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці. Гасцей «Святліцы» чакала яшчэ адна не менш важная падзея — адкрыццё аздараўленчага комплексу «Чароўная лазня».
-1-
У холе сельскага Дома культуры наведвальнікаў сустракала выстава работ гуртка “Рукадзельніца” ТЦСАН. Вера Набілахава, Марыя Хасанава, Віліна Кавальчук і іншыя майстрыхі прадставілі лялькі-абярэгі, пляценне з паперы, вышытыя карціны, “чароўны лён” і “бісерныя фантазіі”. Загадчыца аддзялення кругласутачнага знаходжання Алена Чувіліна паведаміла пра работу “Светліцы”.
…Працуе аддзяленне з 2005 года, дапамаглі за гэты час 296 чалавекам. Сёння тут знаходзяцца сарака пяць, у асноўным адзінокія пажылыя людзі. Сярэдні ўзрост — 80 гадоў. За гэты час у “Светліцы” сустрэлі не адзін стогадовы юбілей. Зразумела, самае галоўнае — стварыць спрыяльныя і камфортныя ўмовы для пажылых.
На тэрыторыі ўладкавалі пешаходныя дарожкі для людзей з рознымі катэгорыямі захворванняў і ўказальнікамі напрамку руху, лабірынт для хадзьбы, сцежкі “Еці”, маршрут для скандынаўскай хадзьбы. У кабінеце здаровага старэння кожны можа знайсці занятак па душы, няхай гэта будзе “лего”, пазлы ці масажныя кілімкі, заняцца гімнастыкай для вачэй, убачыць знаёмыя мясціны на карце раёна.
Безбар'ернае асяроддзе — важны напрамак. У калідорах, туалетных, ванных і жылых пакоях, лазні ўстаноўлены парэнчы, пандусы. Вольны і зручны доступ для пацыентаў на інвалідным вазку і з хадункамі ў душэвыя кабінкі і лазню. Дадатковая прыступка для ванны, такая ж выкарыстоўваецца пры пасадцы ў аўтамабіль. У аддзяленні папулярныя клубы па інтарэсах “Клуб аматараў кнігі і аматараў чытання ўслых”, “Клуб народнай песні”, гурткі “Чароўная нітка”, “Вышыўка” і “Кветавод”, выставы вырабаў. У любую вольную хвілінку можна пагуляць у шахматы і шашкі.
У 2015 годзе ў харчаблоку ўсталявалі геліёсістэму з сонечнымі цеплавымі калектарамі магутнасцю 60 кВт. За год эксплуатацыі, дзякуючы сучасным інавацыйным тэхналогіям, эканомія вельмі істотная. Каб аптымізаваць сістэму цеплазабеспячэння, усталяваны новы цеплавы пункт з аўтаматычным кантролем падачы цяпла і гарачай вады ў ацяпляльны сезон ад кацельні.
На сродкі Швейцарскага фонду “We-help” заменены ванны на сучасныя душэвыя кабіны, усталяваны дзве магутныя сучасныя пральныя машыны “BOSH”. Фонд “Міжнародны дзелавы альянс” выдзеліў сродкі на набыццё прасавальнага прэса, пансіянат “ЛОДЭ” аплаціў камплекты штор і покрываў. Нарэшце, будаўніцтва лазневага комплексу адбылося дзякуючы Швейцарскаму фонду і сродкам раённага бюджэту. Улічваючы інтарэсы старэйшага пакалення, лазневы начынне і прыналежнасцінабылі за кошт раённага аддзялення Беларускага Фонду міру. Агульны кошт набытага склаў больш за 200 рублёў.
-2-
Творчыя калектывы дзённага аддзялення для пажылых і інвалідаў Цэнтра, школьнікі, навучэнцы каледжа, калектывы Дамоў культуры, ДРАЦ “Жамчужына” і іншыя не даюць сумаваць у “Светліцы”. Ужо некалькі гадоў праходзяць акцыі-дэгустацыі кандытарскай фабрыкі “Камунарка”, Лепельскага МКК, хлебазавода і іншых прадпрыемстваў. З верасня 2015 года ўкаранілі новую форму працы “дзіцячы сад для дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту”.
Пасля святочнага канцэрта, дзе выступалі мастацкія калектывы “Мятліца”, “Сударушкі” і вакальная група валанцёраў “Бярэжніца”, наведвальнікі адправіліся на экскурсію па аддзяленні. Першы пункт — Каменская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, якая размешчана прама ў аддзяленні. Тут гасцей сустрэла загадчыца амбулаторыі УЗ “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” “Каменская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі” Крысціна Рудак.
У амбулаторыі ёсць стаматалагічны і фізіятэрапеўтычны кабінеты, перавязачная, дзённы стацыянар і г.д. Абслугоўвае насельніцтва Каменскага і Баброўскага сельсаветаў. Пры паступленні ў “Светліцу” кожнага пацыента аглядаюць, пры неабходнасці прызначаецца лячэнне. На тэрыторыі — маршруты для пажылых людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Раз у паўгода пацыентаў аглядаюць урачы раённай бальніцы.
Працуе ў аддзяленні і прафесійны псіхолаг, у пакоі рэлаксацыі “Малахітавая скрыначка” створана спрыяльная атмасфера з лёгкай музыкай і зорным дажджом. Калі ішлі да кабінета псіхолага, у холе заўважыў шашкі і шахматы. Стаяць яны на вельмі зручных сталах-падстаўках.
Настала, мабыць, кульмінацыя ўсяго дня. Адкрывалі банны комплекс і пераразалі чырвоную стужку Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Мюнхене Андрэй Кулажэнка, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка.
Падапечныя “Светліцы” — жыхары вёскі. Таму лазня — гэта не толькі месца, дзе можна памыцца. Гэта месца заўсёды было сакральным для чалавека з вёскі, дзе можна напарыцца, абмеркаваць навіны, выпіць кубачак гарбаты. Будаўніцтва лазневага комплексу, без сумневу, зробіць жыццё пажылых людзей больш яркім.
Алене Чувілінай і непаслухмянаму “Банніку” ўдзельнікі метадычнага аб’яднання ўручылі розныя падарункі. Гэта і абярэгі, і набор гарбаты, і духмяныя раскошныя венікі ў лазню.
Што ж, стужку перарэзалі, лазню адкрылі, час піць гарбату. Тым больш, што ў прадбанніку адкрылі “фітабар” з цэлым наборам карысных траў. Ролю фітатэрапіі ў падаўжэнні жыцця пажылых людзей нельга недаацэньваць. Пра гэта гасцям расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання цэнтра Святлана Гутнік. Пасля чаявання ўдзельнікі метадычнага аб’яднання адправіліся ў КУП ДРОЦ «Жамчужына».
Яўген НІКАЛАЕЎ.