Напярэдадні Дня Перамогі ў абласным цэнтры ў канцэртнай зале «Віцебск» адкрылася фотавыстава «Дарогамі памяці. Санкт-Пецярбург – Віцебск», якая арганізавана ў рамках праекта «Незабытыя».
У цэнтры экспазіцыі працы ўраджэнкі Віцебска Валянціны Кабачэўскай, якая цяпер пражывае ў Санкт-Пецярбургу. Па дарозе на Радзіму яна спынялася каля помнікаў, завітвала ў населеныя пункты, дзе знаходзяцца воінскія пахаванні. Так нарадзілася ідэя выставы – паказаць святыя мясціны на дарозе памяці.
– На фотаздымках занатаваныя не знакавыя, усім вядомыя мемарыялы, а магілы, помнікі, якія ўстаноўлены воддаль ад людных месцаў, вялікіх магістраляў. Усе яны дагледжаныя. Відаць, што ў маленькім мястэчку людзі памятаюць пра вялікі подзвіг савецкіх воінаў, якія аддалі жыццё за нашу свабоду і мірнае неба, – адзначыў член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.
У экспазіцыю таксама ўвайшлі фотаздымкі жыхароў Віцебска, якія прынеслі здымкі салдатскіх пахаванняў, зробленыя падчас наведвання родных і паездак на прыроду ў розныя куткі Віцебшчыны. Дарэчы, падчас працы выставы (па 15 мая) яе можна дапаўняць новымі сведчаннямі на «Дарозе памяці».
– Акцыя «Незабытыя» аб’ядноўвае людзей. У дзень адкрыцця экспазіцыі выставы было шмат маладых твараў. Упэўнены, што і ў наступныя дні сюды будзе прыходзіць моладзь, якая годна нясе эстафету памяці, – падкрэсліў Глеб Лапіцкі.