28 красавіка, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Дзевяць прамысловых прадпрыемстваў будуць занесены на Дошку гонару Віцебскай вобласці па выніках спаборніцтва мінулага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Рашэннем абласнога выканаўчага камітэта на шэсць месцаў павялічана колькасць пераможцаў сярод прамысловых арганізацый і арганізацый паліўна-энергетычнага комплексу, на адно - сярод арганізацый сферы паслуг, гандлю і грамадскага харчавання, сферы бытавога абслугоўвання. У лік лепшых прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна ўвайшлі Бегамльскі завод "Ветразь", швейнае прадпрыемства з Оршы "Свіцянак", Аршанскі станкабудаўнічы завод "Чырвоны бальшавік", ААТ "Полацк-Шкловалакно", ААТ "Нафтан", сумеснае прадпрыемства "ЛЛК-Нафтан", замежнае прадпрыемства "Глобал-Віцебск" - рэзідэнт СЭЗ "Віцебск", ААТ "Кераміка" і прадпрыемства "Віцебскхлебпрам". На абласной Дошцы гонару з'явяцца эмблемы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і гімназіі №4 Віцебска. Цэнтр культуры "Віцебск" - адзін з арганізатараў міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" таксама прызнаны лепшым. Прадпрыемствы і арганізацыі, занесеныя на Дошку гонару, атрымаюць прэміі са сродкаў абласнога бюджэту. Урачыстая цырымонія адкрыцця абноўленай Дошкі гонару адбудзецца напярэдадні Свята працы - 30 красавіка ў Віцебску.-0-

БЕЛТА