28 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тэмп росту рознічнага тавараабароту ў магазінах Віцебскага аблспажыўсаюза, размешчаных у прыгранічных з Расійскай Федэрацыяй раёнах, з 1 па 18 верасня 2011 года ўзрос удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК Віцебскай вобласці. Паводле звестак Віцебскага аблспажыўсаюза, у аб'ектах гандлю, размешчаных у прыгранічных раёнах вобласці, тэмп росту рознічнага тавараабароту павялічыўся да 2 разоў, а ў выхадныя дні - ад 2 да 2,3 раза. Вялікім попытам карыстаюцца мясныя і малочныя кансервы, сметанковае масла, смятана, ёгурты, тварог, каўбасныя вырабы і копчанасці, спіртныя напоі. З нехарчовых тавараў - бялізнавы трыкатаж, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, абутак, ільняныя вырабы, гаспадарчыя тавары, сінтэтычныя мыйныя сродкі, тавары бытавой хіміі, школьна-пісьмовыя тавары, галантарэйныя вырабы з натуральнай і штучнай скуры. Як лічаць у КДК, адной з прычын павышанага попыту на асобныя харчовыя тавары з'яўляецца іх вываз за межы Беларусі. Стан спажывецкага рынку вобласці знаходзіцца на пастаянным кантролі КДК. Кантрольныя мерапрыемствы і маніторынгі дазваляюць выяўляць недахопы ў абслугоўванні насельніцтва і прымаць своечасовыя меры па іх ліквідацыі. Так, за 20 дзён верасня праведзены маніторынг у 35 гандлёвых аб'ектах, размешчаных у Віцебску, Оршы, Глыбокім, а таксама ў сельскіх населеных пунктах Глыбоцкага раёна. У кожным гандлёвым аб'екце ўстаноўлены выпадкі адсутнасці тавараў, прадугледжаных асартыментнымі пералікамі, а таксама наяўнасць асобных тавараў у вузкім асартыменце. Напрыклад, у адным з магазінаў Віцебска на працягу сямі дзён у продажы не было мясных кансерваў, два дні не паступала ў продаж птушка, больш за два тыдні на прылаўках адсутнічалі мясныя кансервы для дзіцячага харчавання. У магазіне ў Оршы на працягу месяца не прадавалася птушка, два тыдні не было паўфабрыкатаў з мяса птушкі. Прычынамі гэтага спецыялісты лічаць невыкананне заявак пастаўшчыкамі, несвоечасовае папаўненне таварных запасаў па віне работнікаў гандлёвых арганізацый, а таксама павышаны попыт на мясапрадукты.