16 сакавіка, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзяржпагранкамітэт рэкамендуе аўтаперавозчыкам часова ўстрымацца ад выезду з Беларусі праз пункт пропуску "Урбаны" і выбраць іншыя маршруты перамяшчэння, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Полацкага пагранічнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебко. У сувязі з закрыццём з-за рэканструкцыі з нуля гадзін 15 сакавіка руху грузавога аўтатранспарту праз міжнародны пункт пропуску "Грыгораўшчына" у Верхнядзвінскім раёне (пра што Дзяржпагранкамітэт паведаміў загадзя) на беларуска-латвійскай мяжы ля пункта пропуску "Урбаны" у Браслаўскім раёне ўтварылася чарга з грузавых аўтамабіляў. На выезд з Беларусі ў дзесяцікіламетровай чарзе стаяць каля 500 аўтамабіляў. Як паведамлялася раней, прыпыненне руху грузавога транспарту праз пункт пропуску "Грыгораўшчына" працягнецца да 15 кастрычніка 2012 года. Гэта звязана з выкананнем будаўніча-мантажных работ. На гэты перыяд пункт пропуску будзе прызначаны толькі для руху аўтобусаў і легкавых транспартных сродкаў агульнай масай да 3,5 т, якія перамяшчаюць тавары для асабістага карыстання. Для перасячэння беларуска-латвійскай мяжы Дзяржаўны мытны камітэт рэкамендуе асобам, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі грузаў, выкарыстоўваць апроч аўтадарожнага пункта пропуску "Урбаны-Сілене", расійскі пункт пропуску "Бурачкі-Тэрэхава", у тым ліку пры руху ў краіны Еўрапейскага саюза іншыя пункты пропуску, размешчаныя на беларускім участку знешняй мяжы Мытнага саюза.-0-

БЕЛТА