У выніку падзення дрэў дзіцячы сад абясточаны ад электраэнергіі, пашкоджаны лініі апор электраперадач. З прычыны гэтага адбылося ўзгаранне ў будынку. Аднаўленне электразабеспячэння саду чакаецца не раней за 74 гадзіны. Сітуацыю ўскладняе рэзкае пахаладанне. Тэмпература паветра ў гэтыя гадзіны дасягнула адзнакі -25°С.

На шчасце, усё апісанае вышэй – легенда. Сёння на базе дашкольнай установы прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі.

Да прыбыцця падраздзяленняў МНС працуючым персаналам аб'екта была арганізавана эвакуацыя выхаванцаў і персаналу. Але ўсё ж двое «пацярпелых» засталіся ў будынку.

Падраздзяленні МНС, якія прыбылі, аператыўна лакалізавалі і ліквідавалі ўзгаранне, правялі разведку ва ўсіх памяшканнях будынка, выявілі і эвакуіравалі пацярпелых з небяспечнай зоны. Медыкі адразу ж аказалі ім неабходную дапамогу.

Чаму выбраны такі аб'ект для вучэнняў? Дзеці — самае дарагое, што ёсць у бацькоў! Задача дарослых – забяспечыць ім светлае і бесклапотнае дзяцінства, уберагчы ад небяспек, навучыць пісьменна паводзіць сябе ў надзвычайнай сітуацыі.

У ліквідацыі ўмоўнай сітуацыі былі задзейнічаны ўсе неабходныя службы раёна, якія дзейнічалі хутка, выразна і зладжана — тушылі пажар, выносілі пацярпелых і аказвалі ім першую медыцынскую дапамогу.

Праваахоўнікі правялі ачапленне месца правядзення аварыйных работ і арганізацыю дарожнага руху. Супрацоўнікі КУВП «Бароўка» забяспечылі прыбыццё да месца надзвычайнай сітуацыі інжынернай тэхнікі – аўтавышкі на базе ЗІЛ-131, а таксама супрацоўнікаў з бензапіламі. Аварыйная брыгада Лепельскага раёна электрычных сетак правяла работы па аднаўленні электразабеспячэння.

Па выніках дадзена ацэнка ўдзельнікам і вызначаны перспектыўныя напрамкі па далейшым развіцці і падтрыманні ўзаемадзеяння паміж службамі раёна, праведзены аналіз і дэталёвы разбор сумесных дзеянняў.

— Вучэнні прайшлі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Бо практычная адпрацоўка падобных уводных дазваляе яшчэ раз скаардынаваць узаемадзеянне і зладжанасць дзеянняў усіх службаў. Вынік надае ўпэўненасці, што ў выпадку неабходнасці ў нас будзе арганізавана эфектыўная праца па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, — падвёў вынік начальнік РАНС Іван Маскалькоў. — Усе дзеянні выкананы згодна з распрацаванымі інструкцыямі.

На працягу ўсяго вучэння здзіўлена, але з захапленнем хлопцы назіралі за дзеяннямі ратавальнікаў. І можа нехта з іх, гледзячы на супрацоўнікаў РАНС, ужо вызначыўся з выбарам будучай прафесіі.