У Расонах (Віцебская вобласць) рэканструююць бой 1942 года за вызваленне гарадскога пасёлка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Расонскім райвыканкаме.
У Расонах (Віцебская вобласць) рэканструююць бой 1942 года за вызваленне гарадскога пасёлка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Расонскім райвыканкаме.
Мерапрыемства стане 23 верасня цэнтральнай падзеяй свята, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Расон ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэатралізаванае прадстаўленне рыхтуюць члены Віцебскага абласнога аб'яднання ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Таварышы па зброі". Чакаецца, што ў ім будзе задзейнічана больш за 60 чалавек.
Таксама ў гэты дзень будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі гістарычнай рэканструкцыі ўзбраення і абмундзіравання Чырвонай Арміі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яны разгорнуцца па вул. Камсамольскай на тэрыторыі, прылеглай да сядзібнага дома пана Гласко. Раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці падрыхтавана тэматычная праграма "На вайне як на вайне…", музеямі райцэнтра - тэматычныя экспазіцыі. Для гасцей разгорнуцца гандлёвыя рады з разнастайнай прадукцыяй прадпрыемстваў раёна.
"Расоны былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 19 верасня 1942 года ў выніку актыўных баявых дзеянняў партызан. Для кожнага нашага жыхара гэта важная і памятная дата, таму традыцыйна ў прысвечаных ёй святочных мерапрыемствах прымае ўдзел значная колькасць як дарослага насельніцтва, так і моладзі", - падкрэслілі ў райвыканкаме.