29 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Расонах Віцебскай вобласці сын забіў бацьку за абразу, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК РБ па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова. У ноч з 27 на 28 лістапада пенсіянер 1951 года нараджэння і яго 41-гадовы сын пасля сумеснай выпіўкі пачалі сварыцца. Калі слоў для высвятлення адносін стала не хапаць, у ход пайшлі кулакі. Пры гэтым апошні "аргумент" актыўна выкарыстоўваў менавіта сын. Пасля бойкі ён паклаў збітага бацьку на ложак, а сам заснуў. Раніцай, выявіўшы бацьку мёртвым, паклікаў маці, якая пражывала асобна. Жанчына выклікала хуткую дапамогу і міліцыю. Пасля свае агрэсіўныя дзеянні мужчына растлумачыў супрацоўнікам праваахоўных органаў тым, што ён проста хацеў такім чынам спыніць паток абраз у свой адрас. За наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага, у дачыненні да жыхара Расон узбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.147 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. У цяперашні час па дадзеным факце прызначаны шэраг экспертыз, праводзяцца следчыя дзеянні, адзначыла Іна Гарбачова, дадаўшы, што гучныя канфлікты з прымяненнем гвалту на глебе ўжывання алкаголю ў гэтай сям'і адзначаліся і раней.-0-

БЕЛТА