6 верасня, Сянно /Сяргей Кочетов - БЕЛТА/. Танкавы бой пад Сянно ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны стаў найбуйнейшым боем у сусветнай гісторыі і дазволіў затрымаць імклівае прасоўванне фашысцкіх войскаў на Маскву, паклаўшы пачатак зрыву плана "Барбароса". Сёння ў Сянно быў адкрыты помнік савецкім воінам-танкістам. У цырымоніі прыняў удзел міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Манумент размешчаны ў цэнтральным скверы райцэнтра і ўяўляе сабой усталяваны на пастаменце савецкі танк ІС-3, перададзены Міністэрствам абароны. "Адкрываючы помнік савецкім танкістам, мы аднаўляем гістарычную справядлівасць, аддаём даніну памяці гераізму воінаў Чырвонай Арміі, а манумент служыць напамінам нашчадкам аб тых трагічных падзеях", - сказаў Юрый Жадобін. Сёння, на жаль, мала хто ведае пра найбуйнейшы танкавы бой Другой сусветнай вайны, які адбыўся 6 ліпеня 1941 года пад невялікім беларускім горадам Сянно. У жорсткім баі сышліся больш за 2 тыс. баявых машын з савецкага і нямецкага бакоў, што значна перавышае колькасць тэхнікі, якая прыняла ўдзел у знакамітай бітве пад Прахораўкай на Курскай дузе. У бітве пад Сянно танкісты праявілі нязломную волю да перамогі, гераізм, гатоўнасць да самаахвяравання і з гонарам выканалі свой воінскі абавязак. На працягу чатырох сутак, вядучы наступальныя і абарончыя баі, яны сарвалі план прасоўвання праціўніка на лінію абароны савецкіх войскаў па Заходняй Дзвіне і Дняпры. Гэтыя гераічныя і адначасова трагічныя эпізоды гісторыі Чырвонай Арміі незаслужана былі забыты летапісцамі Вялікай Айчыннай вайны, але менавіта на беларускай зямлі былі закладзены асновы будучай Вялікай Перамогі, падкрэсліў Юрый Жадобін. У ходзе ўрачыстай цырымоніі старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Генадзь Герасімовіч перадаў кіраўніцтву райвыканкама імянныя карткі з падрабязнай біяграфічнай інфармацыяй аб 58 воінах-танкістах, якія загінулі ў баях пад Сянно, з якіх толькі імёны дзевяці байцоў ушанаваны на помніках і манументах, а таксама звесткі аб 10 лётчыках, якія не вярнуліся з заданняў і загінулі на сенненскай зямлі. "Спадзяюся, што ў бліжэйшы час імёны гэтых герояў будуць ушанаваны на воінскіх мемарыялах у Сенненскім раёне", - адзначыў кіраўнік ветэранскай арганізацыі. Уся інфармацыя была сабрана ў архівах членамі грамадскіх ваенна-патрыятычных арганізацый вобласці.-0-